Дырэктар аддзела прававой дапамогі Цэнтра беларускай салідарнасці ў Варшаве, Вольга Дабравольская, атрымала афіцыйную інтэрпрэтацыю ад МУС Польшчы адносна таго, што ўяўляе сабой польскі праязны дакумент для iншаземца.
Згодна з інтэрпрэтацыяй польскага Міністэрства ўнутраных спраў, гэты дакумент з’яўляецца эквівалентам пашпарта, выдадзенага польскім грамадзянам. Ён можа служыць не толькі для перасячэння мяжы, але і для пацверджання асобы яго ўладальніка.
Таксама ў сваёй інтэрпрэтацыі МУС адзначыла, што пры падачы заявы на часовы або пастаянны від на жыхарства, а таксама від на жыхарства доўгатэрміновага рэзідэнта ЕС іншаземец можа падаваць дзеючы польскі праязны дакумент, калі ў яго няма магчымасці падаваць свой беларускі пашпарт або іншы праязны дакумент.
Такім чынам, беларусы змогуць карыстацца польскім праязным дакументам у якасці дакумента, які пацвярджае іх асобу:
- у адміністрацыйных органах;
- у банках;
- пры перасячэнні мяжы;
- у іншых выпадках, калі неабходна засведчыць іх асобу.
Гэтая інтэрпрэтацыя можа стаць важным аргументам у спрэчных сiтуацыях і мае істотнае значэнне для грамадзян Беларусі ў Польшчы. Асаблівую актуальнасць гэтае пытанне набыло пасля таго, як Лукашэнка пазбавіў беларусаў за мяжой магчымасці замяняць пратэрмінаваныя дакументы без неабходнасці прыезду ў Беларусь.
Крыніца: t.me/cbs_help/3733
Fot. mos.cudzoziemcy.gov.pl