Сёння ў катэдры святога Францішка Ксаверыя ў Гродне адбылася цырымонія перадачы Бэтлеемскага Агню Міру. Гэта полымя, запаленае ў базыліцы Нараджэння Пана ў Бэтлееме, якое перадаецца з рук у рукі скаўтамі.

Як сказаў біскуп, звяртаючыся да ўсіх прысутных у катэдры, гэты агонь нагадвае, што ўжо хутка мы будзем адзначаць поўныя радасці і хвалы святы Божага Нараджэння.

Iерарх адзначыў, што сёлета акцыя перадачы агню адбываецца пад дэвізам “Будзем чыніць мір”.

Біскуп падкрэсліў, што “Пан Бог пасяляе мір у чалавечых сэрцах, таму ад кожнага з нас залежыць, ці дойдзе гэты дар усюды, куды павінен дайсці”.

Усіх, хто будзе перадаваць агонь далей, біскуп Кашкевіч заахвоціў дзяліцца гэтым дарам, каб рэальна чыніць мір у жыцці і правесці святы Божага Наараджэння ў міры, а таксама несці надзею тым, хто адчувае яе недахоп.

“Будзем вестунамі міру найперш у нашых сем’ях і дамах, на месцах вучобы і працы. Будзем уносіць мір у нашы асяроддзі праз свае словы і ўчынкі, – сказаў іерарх. – Няхай гэты агонь пагасіць усе канфлікты і ўсялякае напружанне, спрэчкі і непаразуменні, каб кожны чалавек на зямлі мог адчуваць бяспеку, любоў, павагу і разуменне”.

Карыстаючыся нагодай, біскуп выказаў удзячнасць арганізатарам урачыстасці, тым, хто прынёс у Гродна Бэтлеемскі агонь як знак Езуса Хрыста, які прыходзіць да людзей у таямніцы свайго Нараджэння, і тым, хто панясе яго далей па Гродзеншчыне і ўсёй Беларусі.

Крыніца: grodnensis.by

Фота: Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

Пасылаю
Рэйтынг чытачоў
5 (1 vote)