Прапагандысцкі фільм “На другiм беразе” патрапіў у тройку лідaраў кінапракату ў Гомельскай вобласці. Дырэктар дзяржаўнага прадпрыемства “Гомелькінавідэапракат” Аляксандр Лаўрыненка назваў гэты вынік надзвычайным.

“За час пракату фільм паглядзела больш за 42 тысячы гледачоў. І сабраў выручку беспрэцэдэнтную для беларускага кінапракату — больш за 130 тысяч рублёў толькі па Гомельскай вобласці. Па наведвальнасці ён заняў трэцяе месца пасля кінакарцін “Чабурашка” і “Аватар”, а па касавых зборах — пятае месца”, — падсумаваў Лаўрыненка.

Дырэктар “Гомелькінавідэапракат” умоўчаў аб тым, што ўлады прымушалі школьнікаў, студэнтаў і работнікаў дзяржаўнага сектара глядзець гэты агідны пасквіль.

Прапагандысцкі фільм расказвае пра “цяжкія часы польскай акупацыі”.

Гэты фільм зняты па сцэнару Івана Крываручкі, а рэжысёрам-пастаноўшчыкам карціны выступіў Андрэй Хрулёў.

Як падае Міністэрства культуры: „Дзеянне фільма адбываецца ў 1925 годзе. Пасля падпісання мірнай Рыжскай дамовы ўся Заходняя частка Беларусі апынулася пад уладай палякаў… тамака адбываюцца хваляванні, ідзе партызанская вайна, працуюць агенты савецкай выведкі. А спробы мясцовых жыхароў абараніць хаця б уласную веру і царкву заканчваюцца жорсткім прыгнечаннем. Гісторыя апавядае пра лёс беларуса Паўла Смоліча, а таксама ягонага старэйшага брата Антона. Першы – займае нейтральную пазіцыю. Другі – партызан, які змагаецца з польскімі захопнікамі. Але некаторыя падзеі ўсё ж мяняюць светапогляд Паўла, прымушаюць задумацца аб вечных чалавечых каштоўнасцях, блізкіх людзях, радзіме, падзеленай мяжой”.

Па дадзеных расійскага рэйтынгу “Кінапошук” гэтая стужка набрала 3,1 бала з 10 магчымых (па дадзеных 1215 адзнак). Ён ідзе нараўне з расійскімі прапагандысцкімі стужкамі: “Сведка” (расійская версія падзей у Бучы) набраў 3 балы, “Крымскі мост. Зроблена з любоўю!” – 2,9.

Крыніца: wb24/euroradio.fm

Пасылаю
Рэйтынг чытачоў
0 (0 галасоў)