„Польскія партыі павінны мець агульную, доўгатэрміновую палітыку падтрымкі палякаў у Беларусі, якія падвяргаюцца рэпрэсіям. Гэтая справа павінна быць па-за палітычнымi рознагалоссямі” – так гучала апошняе паведамленне, адпраўленае Анджэем Пачобутам перад яго арыштам. Нагадваем, што сёння спаўняецца роўна 1000 дзён з моманту, калі гэты нязломны патрыёт і журналіст быў арыштаваны сілавікамі Лукашэнкi.

Анджэй Пачобут, журналіст і дзеяч польскай меншасці ў Беларусі, знаходзіцца ў турме з сакавіка 2021 года. У лютым гэтага года Пачобут быў асуджаны на восем гадоў строгага рэжыму за нібыта “заклік да санкцый” і “распальванне варожасці”. Прыгавор вынес суддзя Гродзенскага абласнога суда Дзмітрый Бубенчык. Журналіст адбывае пакаранне ў калоніі строгага рэжыму ў Наваполацку, на поўначы Беларусі. Са жніўня ён знаходзіцца ў карцэры, дзе яму не даюць неабходных лекаў.

У турме Пачобуту прапанавалі цяжкі выбар: свабоду ў абмен на выезд з Беларусі. Ён катэгарычна адмовіўся, захоўваючы веру ў будучыню Беларусі як краіны, дзе – як ён выказаўся – “крытыка не будзе лічыцца паклёпам, а праўда не будзе абразай”.

У адным з лістоў Пачобут параўнаў сваю сітуацыю з лёсам зняволеных часоў камунізму, знаходзячы ў іх прыкладзе сілу для вытрымкі.

«Я думаю пра тых, хто сядзеў у гэтых сценах у 40-50-я гады і яны чакалі суда. Ім было цяжэй, у тыя гады гэта было сапраўднае пекла. Іх прыклад дае сілы. Мы не выбіраем час, у якім мы жывем, але мы выбіраем, як нам жыць у той час. Вядома, я ніколі не думаў, што гісторыя раптам стане такой небяспечнай, але рэчаіснасць заўсёды здзіўляе. У гэтым і заключаецца яе прыгажосць».

Па пытанні палітычных зняволеных у Беларусі выказваюцца высокапастаўленыя палітыкі і розныя ўстановы, у тым ліку Еўрапейскі парламент. Аб падтрымцы і ўмяшанні ў справе Пачобута падчас сустрэчы з Вярхоўным камісарам ААН па правах чалавека папрасіў прэзідэнт Анджэй Дуда. У сваю чаргу Радаслаў Сікорскі, які нядаўна заняў пасаду міністра замежных спраў, запэўніў, што ведамства плануе ўзмацніць намаганні па вызваленні польскага актывіста. Міністр Сікорскі таксама выказаў перакананне, што журналіст хутка будзе вызвалены.

Пасылаю
Рэйтынг чытачоў
5 (1 vote)