Музей Памяці Сібіры атрымаў прэстыжную Еўрапейскую музейную прэмію Рады Еўропы 2024 года. З гэтай нагоды 19 снежня адбылася цырымонія, на якой мэр Беластока Тадэвуш Трускаляскі павіншаваў супрацоўнікаў музея.

Прэмія EMYA (European Museum of the Year Award) – гэта прэстыжная ўзнагарода для еўрапейскіх музеяў, якая прысуджаецца з 1977 года Еўрапейскім музейным форумам (EMF). Мэта гэтай прэміі – адзначыць вялiкiя дасягненні ў галіне еўрапейскага музеязнаўства і заахвочваць да ўкаранення інавацый у музеях.

“Гэта вялікі момант, вялікі гонар і радасць, што мы можам паведаміць вам аб гэтай узнагародзе”, – сказаў мэр Беластока Тадэвуш Трускаляскі. “Музей Памяці Сібіры працуе толькі два гады, але ўжо з’яўляецца найлепшым у Еўропе”, – дадаў ён. Затым слова ўзяў дэпутат Кшыштаф Трускаляскі, які вылучыў музей на ўзнагароду: «Гэта наш агульны поспех. Я вельмі рады, што сёння мы можам разам святкаваць”.

Музей Памяці Сібіры – гэта ўстанова, асноўнай задачай якога з’яўляецца ўвекавечанне, вывучэнне, дакументаванне і распаўсюджванне ведаў аб лёсе людзей, сасланых у Сібір. Рашэнне Рады Еўропы аб лаўрэаце Еўрапейскай музейнай прэміі 2024 года, абраным Камітэтам па культуры, было абвешчана ў аўторак (5 снежня) на паседжанні Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы (PACE). Цырымонія ўручэння прэміі адбудзецца ў Портымаа ў Партугаліі, з 1 па 4 мая 2024 года.

Дырэктар Музея Памяці Сібіры, прафесар Войцэх Шляшынскі, у сваім выступленні сказаў: “Калі мы пачыналі будаваць Музей, мы ведалі, што ствараецца нешта асаблівае. Сёння не ў Парыжы, Лондане або Венецыі, а ў Беластоку знаходзіцца найлепшы музей у Еўропе. Гэта самая старая і самая прэстыжная музейная ўзнагарода”.

Падчас сустрэчы ў Музеі Памяці Сібіры прысутнічалі таксама сібіракі і прадстаўнікі сібірацкiх арганізацый.

“Сібіракі ўсім сэрцам і з пачуццём важнасці моманту далучаюцца да віншаванняў і вельмі рады, што гэты музей, які з’яўляецца нашым сібірскім сэрцам, атрымаў такую ўзнагароду. Сібіракі цесна супрацоўнічаюць з Музеем Памяці Сібіры і ўдзячныя, што ўсе нашы калекцыі, дакументы, успаміны, дзённікі , сабраныя ў нашым сціплым Музеі Сібіракоў, захавалiся ў новым музеі, у якім мы зараз знаходзімся. Мы ўдзячныя, што пастаянная выстава так арганізавана, што паказвае ўсю нашу гісторыю ссылкі, а наведвальнікі адчуваюць , што яны знаходзяцца разам з намі ў нашым зняволенні”, – сказала Ёланта Хрынявіцкая, старшыня беластоцкага аддзялення Саюза Сібіракоў.

Еўрапейская музейная прэмія Савета Еўропы прысуджаецца музеям, якія аказваюць значны ўплыў на ўспрыманне еўрапейскай культурнай спадчыны. Адзначаныя ўстановы адыгрываюць важную ролю ў прасоўванні павагі да правоў чалавека і дэмакратычных каштоўнасцяў, садзейнічаюць культурнай інтэграцыі, пераадоленню сацыяльных і палітычных бар’ераў, пашырэнню ведаў наведвальнікаў і паглыбленню ідэі дэмакратычнага грамадзянства.

Музей Памяці Сібіры, муніцыпальная культурная ўстанова Беластока, быў заснаваны 1 студзеня 2017 года. Ён прысвечаны людзям, якія з канца XVI стагоддзя да сярэдзіны XX стагоддзя былі арыштаваны і адпраўлены ў глыб Расіі, а затым Савецкага Саюза, а таксама тым, хто накіраваўся туды добраахвотна. Музей расказвае гісторыі палонных, зняволеных, сасланых і дэпартаваных. Музей, створаны горадам Беласток, быў афіцыйна адкрыты 17 верасня 2021 года, у гадавіну савецкай агрэсіі супраць Польшчы. Установа таксама вядзе навуковую дзейнасць.

Крыніца: facebook.com/muzeumpamiecisybiru, bialystok.pl

Fot. wikipedia.org

Пасылаю
Рэйтынг чытачоў
0 (0 галасоў)