22 снежня ў парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Сухараве, раёне беларускай сталіцы, была ўстаноўлена “ёлка святога Баніфацыя”.
У жніўні гэтага года ў парафію ў Мінску прыбыў новы настаяцель – ксёндз Вадзім Мізэра. На Божае нараджэнне новы душпастыр парафіі запрапанаваў незвычайнае ўпрыгожванне.
«Падчас вучобы ў Польшчы я заўважыў звычай падвешваць хвойныя дрэвы. Гэтую традыцыю часам звязвалі з легендай пра святога Баніфацыя: быццам ён першы пачаў выкарыстоўваць ялінку для евангелізацыі. Як трохкутнік, яна сімвалізуе тры асобы Святой Тройцы», — растлумачыў святар.
Святы Баніфацый быў англійскім манахам, які жыў на мяжы VII і VIII стагоддзяў. Евангелізуючы германцаў, ён сваімі рукамі ссек магутны дуб, якому мясцовыя жыхары пакланяліся на працягу стагоддзяў.
Кажуць, што з дрэва, ссечанага св. Баніфацыям, ён загадаў пабудаваць храм, тым самым даўшы магчымасць вызнаваць новую веру, выкарыстоўваючы матэрыял з былога паганскага ідала. Ён таксама заўважыў, што германцы, ушаноўваючы дрэвы, упрыгожвалі іх падчас сваіх свят. Гэты звычай ён выкарыстоўваў, уводзячы традыцыю прынясення ў дом жывой ёлкі ў калядны перыяд і надаючы ёй новую сімволіку дрэва пазнання дабра і зла. Гэты звычай аказаўся вельмі ўстойлівым.
Магчыма, святы Баніфацый быў першым, хто пачаў выкарыстоўваць ялінку для евангелізацыі, але сам звычай падвешваць дрэва, верагодна, існаваў асобна. Палякі і некаторыя іншыя народы ўсталёўвалі верхавіну ялінкі над вігілійным сталом або ў куце.
«Я марыў пра падвешаныя ялінкі, але заўсёды служыў у такіх святынях, дзе гэта было немагчыма зрабіць фізічна: столь высокая ці не было за што зачапіць дрэва. Але калі я трапіў у мінскую парафію, мая мара здзейснілася.
У гэтым годзе ў нас адна ялінка, але, калі дасць Бог, у наступным годзе з’явіцца больш», — растлумачыў святар.
Насамрэч, «ялінкай святога Баніфацыя» у сухараўскай парафіі стала іншае дрэва. Для дэкора была абрана піхта. Гэтае дрэва больш «прыктычнае». Па-першае, яно не асыпаецца. Па-другое, яно роўнае, пушыстае і больш прывабнае для вока.
«Як Бог дасканалы, так і для Яго павінна ўсё быць дасканалым. Ведаю такую гісторыю, пра адну з вялікіх базылік. Там ёсць элементы, якія не бачны чалавечаму воку, але, нягледзячы на гэта, майстры папрацавалі над імі вельмі далікатна. Нехта іх спытаў: „Навошта? Людзі ж не бачаць“. Але майстры адказалі, што гэта бачыць Бог», — падзяліўся навукай марыянін.
Крынiца: wb24.org, catholic.by, ekomaika.pl
Фота: catholic.by