Вядомая сваім антыпольскім настроем вядомая актывістка з Гродна Вольга Бондарава пачала новы год з новымі скандаламі. 1 студзеня 2024 года яна апублікавала пост, у якім крытыкуе Турысцка-інфармацыйны цэнтр у Гродне за тое, што на яго шыльдзе назва напісана на польскай і англійскай мовах. Прарасійская дзяячка піша, што час прыбраць гэтыя надпісы і замяніць іх дзяржаўнымі мовамі.
«Ибо почему в белорусском городе, где два государственных языка, русский и белорусский, на вокзале висит шильда с писаниной на пшэцком и пиндосском? Что, так много туристов из пиндостана, а нам заезжает или готовимся встречать „дорогих НАТОвских гостей“ в ближайшее время, а посему и не снимаем в западном приграничном городе указатели, повешенные здесь в разгул багатавектарнасЬци?» — напісала Бондарава ў звычайнай для сябе манеры.
Турыстычны цэнтр па вуліцы Ажэшкі, 38 у Гродне з’явіўся ў 2009 годзе як офіс аднаго з трансгранічных праектаў. У той час у мясцовых чыноўнікаў якраз уваходзіла ў моду ўдзельнічаць у фінансуемых ЕС трансгранічных праектах па развіцці турыстычнага патэнцыялу разам з партнёрамі з Польшчы і Літвы. Пазней гэты ж офіс яшчэ некалькі разоў “адкрываўся” для іншых трансгранічных праектаў.
Над уваходам у цэнтр і на дзвярах цэнтра размешчаны надпісы на трох мовах: “Турысцка-інфармацыйны цэнтр”, “Centrum informacji turystycznej” і “Tourist information center”. Надпісаў на расійскай мове няма.
Недалёка ад цэнтра размешчана адна з папулярных сярод турыстаў гарадскіх скульптур – жабка-падарожніца.
Крыніца: hrodna.life
Фота: youtube/yandex maps