Сцяг Вялікага Княства Літоўскага з выявай Пагоні знік з экспазіцыі музея, які размешчаны ў замкавай вежы XIII стагоддзя ў Камянцы, вядомай як “Белая вежа”.

Раней сцяг з Пагоняй знаходзіўся на верхнім ярусе вежы, побач з ім вісеў сцяг з Калюмнамі, радавым знакам Гедымінавічаў. Як стала вядома «Нашай Ніве», на сёння пагоня з вежы прыбраная, але Калюмны засталіся. Гэта сведчыць аб ідэалагічных прычынах знікнення гістарычнага сімвала.

Можна меркаваць, што змены ў экспазіцыі музея былі звязаныя з візітам у Камянец міністра культуры Анатоля Маркевіча ў сакавіку 2023 года. Сярод іншага, міністр наведваў і Камянецкую вежу.

Сцяг з Пагоняй, прыбраны з Камянецкай вежы (фота: nashaniva.com)

Герб «Пагоня» ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай каштоўнасці як нематэрыяльная спадчына, а лукашэнкаўская прапаганда, адкідаючы гісторыю Рэчы Паспалітай як час польскага прыгнёту, на словах абвяшчае гісторыю Вялікага Княства Літоўскага важнай і неад’емнай часткай беларускай спадчыны.

Але на практыцы боязь “апазіцыйнай” нацыянальнай сімволікі пераважвае жаданне шанаваць гісторыю і спадчыну свайго краю.

Пасылаю
Рэйтынг чытачоў
0 (0 галасоў)