26 студзеня на экраны кінатэатраў выходзіць “Кос”, фільм, удастоены Залатых Львоў на 48-м Фестывалі Польскіх Мастацкіх Фільмаў у Гдыні. Сюжэт фільма рэжысёра Паўла Маслоны расказвае пра падзеі вясны 1794 года ў Польшчы. Цэнтральнай фігурай з’яўляецца генерал Тадэвуш “Кос” Касцюшка, які вяртаецца на радзіму, каб узначаліць антырасійскае паўстанне, мабілізуючы да ўдзелу ў ім як шляхту, так і сялян.
Рэжысёр фільма зазначыў, што расказаная ў ім гісторыя з’яўляецца выдуманай.
“Наш фільм распавядае пра некалькі дзён з жыцця Тадэвуша Касцюшкі, напярэдадні паўстання Касцюшкі. Трэба дадаць, што апавяданне з’яўляецца выдуманай гісторыяй, гэта значыць мы не расказваем храналогію з жыцця Тадэвуша Касцюшкі, а хутчэй фантазіруем, што было б, калі б…” – растлумачыў рэжысёр.
У фільме Касцюшку суправаджае яго верны сябар і былы раб, Дамінга. Па яго слядах ідзе расiйскі афіцэр, ротмістр Дунін, рашуча настроены злавіць генерала, перш чым той зможа выклікаць нацыянальнае паўстанне. У той жа час малады селянін, Ігнат, будучы незаконнанароджаным дзіцем шляхціца, імкнецца атрымаць тытул і маёмасць ад свайго бацькі, Духноўскага, які на смяротным ложы ўпісвае яго ў сваё завяшчанне.
Пётр Пацэк, выканаўца ролі Станіслава Духноўскага, сказаў, што гэтая роля для яго мае асаблiвае значэнне. Ён прызнаў, што многiм абавязаны камандзе і сумеснай рабоце.
“Я вучыўся, працуючы з акцёрамі і актрысамі, з якімі мне было вялікі гонар і задавальненне супрацоўнічаць пры стварэнні гэтага фільма. У нас былі заняткі па верхавой яздзе і фехтаванні. А цудоўныя касцюмы і грым шмат далі мне для пабудовы персанажа” – падкрэсліў Пётр Пацэк.
У фільме таксама здымаюцца: Барташ Бяленя ў ролі Ігната, Яцэк Брацяк iграе Тадэвуша Касцюшку, Роберт Вянцкевіч у ролi ротмістра Дуніна, Джэйсан Мітчэл – Дамінга, Агнешка Грахоўская ў ролі палкоўніцы, Лукаш Сімлат выконвае ролю Вашоўскага, Пётр Пачак іграе Станіслава, Анджэй Северын увасабляе ў жыццё айца Духноўскага, а Мацільда Гегжна стварае вобраз паштальёнкі.