Прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі, Павел Латушка, паведаміў, што цяжкасці з выдачай польскіх віз для беларусаў звязаны з перастаноўкамі ў польскім урадзе і будуць вырашаны ў бліжэйшы час.

«Я сустракаўся з новым міністрам замежных спраў Польшчы Радаславам Сікорскім і ўздымаў гэтае пытанне. Ён успрыняў яго з вялікім энтузіязмам. Цяжкасці маюць часовы характар, і яны звязаны з тым, што ў новым польскім урадзе, і ў тым ліку ў консульскім дэпартаменце МЗС Польшчы, адбываюцца перастаноўкі. Гледзячы мне ў вочы, міністр Сікорскі сказаў, што як толькі будзе прызначанае новае кіраўніцтва дэпартамента, мы адразу ж правядзем сустрэчу і будзем вырашаць гэтыя праблемы.

Гэтую праблему мы ў Аб’яднаным пераходным кабінеце ўспрымаем вельмі сур’ёзна і працуем над яе вырашэннем. Акрамя таго, учора я размаўляў з дзяржсакратаром і першым намеснікам міністра замежных спраў Уладзіславам Барташэўскім і спытаў, хто з намеснікаў міністра курыруе консульскую службу. Ён адказаў, што на сённяшні дзень гэтага намесніка няма. Пакуль прызначаны толькі два, і чакаецца назначэнне яшчэ чатырох ці пяці намеснікаў міністра замежных спраў, і адсутнічае функцыянал для вырашэння гэтых праблем. Як толькі прызначэнні адбудуцца, мы правядзём кансультацыі, каб паскорыць прыняцце неабходных рашэнняў», – сказаў Павел Латушка на сустрэчы Святланы Ціханоўскай і прадстаўнікоў АПК з беларускай дыяспарай у Цэнтры беларускай салідарнасці ў Варшаве.

Крыніца: reform.by

Fot, rada.vision

Пасылаю
Рэйтынг чытачоў
5 (1 vote)