У Ляхавічах Брэсцкай вобласці трое мясцовых жыхароў распачалі кампанію супраць званоў мясцовага касцёла. Некаторыя абвінавачваюць парафiю ў “падбухторванні да міжканфесійнай варожасці”  праз бой званоў, паведамляе партал Katolik.life.

Каталіцкая парафія святога Юзафа набыла электронныя званы, бо на класічныя не хапала сродкаў.

“Паводле рашэння, прынятага на агульным сходзе парафіі, і касцёльнай традыцыі, а 8-й гадзіне стала гучаць мелодыя, якая ўводзіць у курс літургічнага дня (1-2 хвіліны), а 12-й гадзіне — бой званоў, які заклікае да малітвы за памерлых “Анёл Панскі” (да 3 хвілін), а 21-й гадзіне — мелодыя з заклікам да малітвы праз заступніцтва Божай Маці (да 2 хвілін). Таксама бой званоў гучыць за паўгадзіны да святой Імшы (каля 3 хвілін). Такім чынам за цэлы дзень сістэма званоў працуе максімальна 10 хвілін”, — адзначае katolik.life.

Але гэта не спадабалася тром мясцовым жыхарам, якія пачалі пісаць скаргі, у тым ліку ў мясцовую пракуратуру. Адным са скаржнікоў аказаўся работнік адміністрацыі раённай бальніцы. Ляхавіцкія вернікі кажуць, што ён прымушаў падначаленых падпісвацца пад калектыўным зваротам, быццам касцёльныя званы замінаюць працы медыкаў. Калі хтосьці з персанала адмаўляўся, начальнік абразліва зваў іх “пшэкамі”.

У снежні 2023 года раённая санстанцыя замерала ўзровень шуму ад гукавой сістэмы касцёла і паведаміла прыходу, што ў некаторых кабінетах і палатах бальніцы гэты ўзровень нязначна перавышае пэўныя законам нормы. Ад прыходу запатрабавалі панізіць гук сістэмы.

Але ў парафіі заяўляюць, што ў адпаведнасці з законам гігіенічны нарматыў не распаўсюджваецца на шум, абумоўлены правядзеннем богаслужэнняў і іншых рэлігійных абрадаў і цырымоній у рамках кананічных патрабаванняў канфесій. Таму парафія падрыхтавала свой зварот у раённую пракуратуру з просьбай аднавіць законнасць і абараніць правы мясцовых вернікаў.

У парафіі кажуць, што гук сістэмы паніжалі ўжо тройчы: “Аднак скаржнікаў гэта не задавальняе. Некаторыя патрабуюць зрабіць яшчэ цішэй, хтосьці — увогуле выключыць. Калі яшчэ больш панізіць гук, то званы ўвогуле губляюць сэнс”.

Крыніца: katolik.life

Фота: Vital Herasimienia/gants-region.info

Пасылаю
Рэйтынг чытачоў
0 (0 галасоў)