Падляскае ваяводства выдзеліць больш за 340 тысяч еўра на дзейнасць Цэнтра беларускай культуры ў Беластоку, якім будзе кіраваць Анатоль Вапа, прадстаўнік беларускай этнічнай меншасці ў Польшчы. Пра гэта паведаміў спікер Артур Касіцкі.
15 студзеня з ім сустракаліся беларускія дзеячы, а сярод іх – намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі Павел Латушка. Асноўнымі тэмамі размовы былі легалізацыя беларускага бізнесу, адкрыццё Цэнтра беларускай культуры і вырашэнне праблем беларускай дыяспары ў Польшчы.
Латушка падзякаваў за прынятае рашэнне аб адкрыцці Цэнтра беларускай культуры ў Беластоку і адзначыў значнасць дзейнасці такой арганізацыі. “У ваяводстве гістарычна пражывае найбуйнейшая група этнічных беларусаў, якая апошнія гады пашырылася і дзесяткамі тысяч беларусаў, якія вымушана пакінулі Беларусь”, — сказаў ён. Па дадзеных польскай статыстыкі, у Падляскім ваяводстве дзейнічае 731 кампанія з беларускім удзелам. Па гэтым параметры яно займае другое месца ў Польшчы.
У ходзе сустрэчы таксама былі абмеркаваны пытанні выкарыстання сродкаў Еўрапейскага саюза, якія раней выдзяляліся на трансгранічнае супрацоўніцтва Беларусі і Польшчы. У сувязі з дзеяннямі рэжыму Лукашэнкі гэтая фінансавая падтрымка была спынена. Ваяводства звярнулася ў Еўрапейскую камісію з прапановай змяніць заканадаўства для таго, каб сродкі маглі быць выкарыстаны на патрэбы рэгіёну і арыентаваны на беларускую этнічную меншасць і дыяспару, якая пражывае тут, а таксама падтрымку культурных, эканамічных, сацыяльных, грамадскіх і іншых праектаў.
Крыніца: euroradio
Фота: racyja.com