У Беларусі ў 2023 годзе больш за 6 тысяч чалавек, у тым ліку каля дзвюх тысяч жанчын, падвергліся палітычным рэпрэсіям. Пра гэта паведаміў праваабарончы цэнтр “Вясна”. Па ўсёй краіне прайшло каля чатырох з паловай тысяч палітычных працэсаў, большасць з якіх адбыліся ў Мiнску, Гродне і Гомелі.

Існуе верагоднасць, што фактычныя лічбы могуць быць вышэйшыя, паколькі ўлады не даюць інфармацыі аб прысудах, вынесеных за зачыненымі дзвярыма. Шмат якія палітычныя супернікі рэжыму атрымалі прысуды да пазбаўлення волі, прымусовых працаў, а таксама былі аштрафаваныя.

Цэнтр “Вясна” падрабязна апісвае цяжкія ўмовы, у якіх знаходзяцца палітвязні ў турмах і калоніях. Яны пазбаўлены рэгулярнага душа і магчымасці гуляць. Турэмная адміністрацыя не дае ім неабходных сродкаў асабістай гігіены ці адзення для змены. У камерах увесь час гарыць святло, а памяшчэннi перапоўненыя. Зняволеныя вымушаны спаць на падлозе, пад ложкамі і на сталах. Да таго ж, яны доўгі час не могуць атрымліваць і дасылаць лісты.

Палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі ўзмацніліся пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў у 2020 годзе і працягваюць узмацняцца. У турмах і калоніях на дадзены момант знаходзіцца больш за паўтары тысячы палітычных зняволеных.

Крыніца: wb24.org/polskieradio.pl

Fot. pixabay

Пасылаю
Рэйтынг чытачоў
0 (0 галасоў)