Блізкі да ўлады бізнесовец гатовы набыць сетку рэстаранаў Mak.by, заявіў сёння Аляксандр Лукашэнка на нарадзе з членамі ўрада.

“З’явіўся прыватнік, які гатовы купіць іх, заплаціць грошы, і грошы немалыя. Нармальны беларус, у якога ёсць уласнасць, гатовы развіваць гэтую сетку”, — цытуе БЕЛТА яго словы. Імя бізнесоўца не называлася, але раней з’яўляліся звесткі, што ім можа быць Аляксей Алексін.

Цяпер у сетцы налічваюцца 25 рэстаранаў. Лукашэнка паабяцаў дапамагчы ў павелічэнні іх колькасці: “Калі ласка, мы дамо яшчэ ў гарадах, у абласных цэнтрах для гэтай сеткі месца для развіцця, будаўніцтва новых рэстаранаў. Не — аддамо старыя, якія ў нас дрэнна працуюць або ў напаўзачыненым стане. Мы гатовыя ў гэтым плане дапамагчы”.

Раней гэтыя рэстараны працавалі пад брэндам Mcdonald’s. У лістападзе 2022 года кампанія пакінула Беларусь — пасля сыходу з расійскага рынку. Спярша меркавалася, што іх месца зойме сетка “Вкусно и точка”, як у Расіі, але Лукашэнка запатрабаваў, каб аддаць беларускім вытворцам. У красавіку 2023-га на рэстаранах з’явіліся шыльды Mak.by.

Крыніца: euroradio.fm

Пасылаю
Рэйтынг чытачоў
0 (0 галасоў)