Начальнік Дэпартамента грамадзянства і міграцыі МУС Беларусі Аляксей Бягун у размове з прагандысцкiм каналам АНТ абмеркаваў пытанне наяўнасці ў грамадзян Беларусі карты паляка.

“Нельга сказаць, што гэта праблема. Гэта жаданне кожнага грамадзяніна – мець гэты замежны дакумент або ад яго адмовіцца. Усе ведаюць аб магчымасці атрымання грамадзянамі Беларусі карты паляка – гэта такі нашумелы праект, які развівае польскі бок на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, у тым ліку праз свае пасольствы і на тэрыторыі Польшчы. Фактычна мы зараз маем і дзяржаўных служачых, якія добраахвотна адмаўляюцца ад карты паляка. Таму што зразумела, што для дзяржаўнай служачай або службовай асобы, якая мае доступ да дзяржаўных сакрэтаў, – наяўнасць замежнага дакумента недапушчальная», – сказаў Бягун.

Паводле яго слоў, асоба павінна добраахвотна адмовіцца ад гэтага дакумента праз кампетэнтныя органы. І гэта не будзе абмежаваннем.

«Маючы замежны дакумент, асоба не зможа рэалізаваць цэлы шэраг правоў, якія прадугледжаны заканадаўствам: не можа атрымаць доступ да дзяржаўных сакрэтаў, не можа стаць дзяржаўным служачым, не можа стаць дэпутатам усіх узроўняў улады, у тым ліку мясцовых саветаў. Але акрамя грамадзян Расійскай Федэрацыі. Грамадзяне Расiі па нашым заканадаўстве могуць з’яўляцца дэпутатамі мясцовых органаў улады», – адзначыў Бягун.

Кіраўнік Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі таксама падзяліўся меркаваннем аб тым, наколькі ў гэтым кантэксце грамадзянам Беларусі правільна з маральнага пункту гледжання мець карту паляка.

«У дзяржаве праводзіцца комплекс мерапрыемстваў для таго, каб пераканаць грамадзян Рэспублікі Беларусь, што карта паляка наносіць урон нацыянальнай бяспецы Беларусі, выкарыстоўваць на тэрыторыі і атрымліваць карту паляка недапушчальна. Зразумела, што асоба, якая атрымлівае карту паляка, дае адпаведныя абавязацельствы, у тым ліку на вернасць народу і Рэспубліцы Польшча. Ён абавязаны ведаць Канстытуцыю і выканаць цэлы шэраг фармальнасцяў. Яму даюцца „плюшкі“, самой сабой, на тэрыторыі Польшчы. У тым ліку ён можа атрымліваць ільготную візу, спрошчаную працэдуру натуралізацыі. Для грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, гэта мой пункт гледжання, гэта недапушчальна», – заявіў Бягун.

Ён адзначыў, што “дзяржава выдатна разумее пагрозы і рызыкі ад гэтага ўсяго і робіць шэраг крокаў для таго, каб мінімізаваць наогул жаданне грамадзян Беларусі атрымліваць карту паляка”, і дадаў, што беларусы пачалі адмаўляцца ад карт паляка.

«Вяртаюць вельмі часта. Толькі за паўгода мы зафіксавалі больш за 100 выпадкаў, калі грамадзяне публічна звярнуліся, каб адмовіцца ад карты паляка. А Польшча таксама рэагуе са свайго боку. У іх у заканадаўстве няма механізму адмовы ад карты паляка. Мы ва ўстаноўленым парадку накіроўваем адпаведныя дакументы з апавяшчэннем і фіксуем гэтыя факты з боку нашых грамадзян. Такая невялікая дыпламатычная вайна», – падсумаваў прадстаўнік МУС.

Крыніца: zerkalo.io

Фота: eurostudy.info/youtube

Пасылаю
Рэйтынг чытачоў
0 (0 галасоў)