Грамадзян Беларусі плануюць прыцягваць да адміністрацыйнай адказнасці, калі яны не паведамяць аб наяўнасці другога грамадзянства, віду на жыхарства або іншых дакументаў, якія даюць права на льготы ў іншай краіне (напрыклад, карты паляка). Пра гэта паведаміў у прапагандысцкім тэлебачанні АНТ начальнік Дэпартамента грамадзянства і міграцыі Аляксей Бягун.

З 11 ліпеня 2023 года ў Беларусі дзейнічае новая рэдакцыя закону “Аб грамадзянстве”. Цяпер беларусы абавязаны інфармаваць дзяржаўныя органы аб наяўнасці вышэйзгаданых дакументаў. Згодна з гэтымі правіламі, апавяшчэнне павінна быць зроблена на працягу трох месяцаў з моманту атрымання дакумента.

Пакуль што адказнасці за непаведамленне няма, аднак у МУС хочуць яе ўвесці. Бягун скардзіцца, што памежнікі і міліцыянты пастаяяна вылоўіваюць беларусаў, якія не паведамляюць пра наяўнасць такіх дакументаў.

“Так, у цяперашні час гэта, вядома, не з’яўляецца правапарушэннем. Але заканадаўца таксама пра гэта задумаўся. І кампетэнтныя органы таксама пра гэта думаюць. Таму мы прапрацоўваем сумесна з зацікаўленымі бакамі гэтае пытанне, каб усё ж такі ўнесці адказнасць. Таму што абавязак інфармавання ёсць, частка законапаслухмяных грамадзян выканала гэты абавязак, а хтосьці думае застацца ў баку ці не паведаміць пра гэта”, — абурыўся прадстаўнік МУС.

Па словах Бегуна, цяперашнія тэхналогіі дазваляюць “татальны кантроль у пэўных кропках за асобай”, таму парушальнікаў будзе лёгка выявіць. Ён дадае, што ў Расіі за паўторнае неінфармаванне прыцягваюць да крымінальнай адказнасці.

Прадстаўнік МУС заявіў, што адпаведны закон плануецца ініцыяваць сёлета, каб у 2024-м ён быў прыняты.

На спачатку снежня ў МУС казалі, што пра наяўнасць замежных дакументаў паведамілі больш за 58 тысяч грамадзян Беларусі.

Крыніца: euroradio.fm

Пасылаю
Рэйтынг чытачоў
0 (0 галасоў)