Угодкі паўстання 1863-1864 гадоў былi адзначаны ля Брамы смерці ў Варшаўскай цытадэлі. 161 год таму, у Каралеўстве Польскім, каля шасці тысяч паўстанцаў, узброеных косамі, рэвальверамі і паляўнічай зброяй, уступілі ў бой супраць 100-тысячнай расійскай арміі.
Падчас цырымоніі віцэ-маршалак Кшыштаф Босак зачытаў ліст маршалка Сейма Шымона Галоўні.
“Гэта назаўжды застанецца сведчаннем непакорнай сілы свабоды. У паўстання не было шанцаў на перамогу, але гэта было вялікай праявай волі народа да здабыцця ўласнай дзяржавы”, – перадаў удзельнікам памятных мерапрыемстваў маршалак Галоўня.
📌W stołecznych uroczystościach z okazji 161. rocznicy wybuchu #PowstanieStyczniowe w imieniu Prezydium Sejmu wziął udział wicemarszałek @krzysztofbosak.#CytadelaWarszawska #BramaStraceń #PowstanieStyczniowe1863🇵🇱 pic.twitter.com/LQrCIouGXo
— Sejm RP🇵🇱 (@KancelariaSejmu) January 22, 2024
“Студзеньскае паўстанне прысутнічае ў свядомасці пакаленняў, фарміруючы польскую ідэнтычнасць і патрыятызм. Наша гісторыя адзначана паўстаннем, прысвячэннем і гераізмам, а нацыянальна-вызвольныя паўстанні ясна паказваюць, што палякі вышэй за ўсё цэняць свабоду і незалежнасць Радзімы”, – падкрэсліў маршалак Галоўня, дадаючы, што пасланне “Gloria victis – Слава пераможаным!” натхняла сэрцы, абуджала дух, надавала сілы і дазваляла верыць, што “Польшча яшчэ не загінула”.
“За прыхільнасць патрыятычным каштоўнасцям, за смеласць і ахвярнасць паўстанцы і іх сем’і заплацілі высокую цану. Іх гераізм быў аплачаны жорсткімі рэпрэсіямі – ссылкамі ўглыб Расіі, катаржнай працай, канфіскацыяй маёмасці, смяротным пакараннем. Мы вяртаемся да тых падзей з усведамленнем, што дзякуючы самаадданасці ўдзельнікаў паўстанняў, сёння мы жывем у свабоднай краіне”, – адзначыў маршалак Сейма.
Паўстанне ўспыхнула ў Царстве Польскім 22 студзеня 1863 года. У гэты дзень Часовы Нацыянальны Урад аб’явіў маніфест, у якім заклікаў народы былой Рэчы Паспалітай да барацьбы з расійскім захопнікам. Партызанскія баі працягваліся да восені 1864 года.
Крыніца: sejm.gov.pl
Фота: Łukasz Błasikiewicz/Kancelaria Sejmu