У падвіленскіх Конюхах адбыліся ўрачыстасці, прысвечаныя 80-м угодкам савецкай пацыфікацыі гэтай вёскі. У касцёле святога архангела Міхаіла ў Бутрыманцах была адслужана ўрачыстая імша. Затым удзельнікі цырымоніі адправіліся да Крыжа памяці забiтых, дзе прайшлі выступленні гасцей, ускладанне вянкоў і запальванне свечак.
У цырымоніі ўскладання вянкоў прынялі ўдзел мясцовыя палякі, школьнікі, прадстаўнікі ўлад Шальчынiнкайскага раёна, актывісты Саюза палякаў у Літве, а таксама дэлегацыя польскага дыпламатычнага прадстаўніцтва. Цырымонія памяці забітых жыхароў вёскі Конюхі пачалася з імшы, якую адслужыў настаяцель касцёла ў Бутрыманцах ксёндз Юзаф Ашкеловіч.
“Конюхі – гэта асаблівае месца. Гэта забойства было ўчынена над нашымі суседзямі, сем’ямі нашых знаёмых. Мы не можам пра гэта забыць”, – сказаў настаяцель касцёла.
Пасля ўсе накіраваліся ў Кoнюхі, каб каля помніка, усталяванага ў 2004 годзе па ініцыятыве Саюза палякаў, пакласці кветкі, запаліць свечкі і ўзгадаць забітых.
Старшыня Саюза палякаў у Літве Вальдэмар Тамашэўскі падкрэсліваў, што грамадзтва павінна ведаць цёмныя старонкі нашай гісторыі і рабіць адпаведныя высновы з цяжкіх перыядаў нашага мінулага. Ён таксама акцэнтаваў на важнасці самаарганізацыі, дзякуючы якой жыхары Конюхаў змаглі супрацьстаяць ворагам, а таксама апісаў, як сёння функцыянуе польская абшчына на Віленшчыне.
На думку кіраўніка консульскага аддзела і спраў палоніі Пасольства Польшчы ў Вільні Ірміны Шмалец, такі шматлікі сход ля помніка з’яўляецца сведчаннем памяці аб трагічных падзеях 1944 года.
“Дзякую вам за тое, што вы дбаеце і перадаеце гэтую цяжкую лакальную гісторыю. Менавіта з яе мы ўзрастаем і функцыянуем у больш шырокім кантэксце,” – казала консул.
80 гадоў таму, у ноч з 28 на 29 студзеня 1944 года, савецкія партызаны акружылі вёску і пачалі жорсткую атаку, якая доўжылася каля 1,5-2 гадзін. У выніку нападу загінулі як мінімум 38 чалавек, у тым ліку мужчыны, жанчыны і дзеці, самым маленькім ахвярам было ўсяго 2 гады. Шмат жыхароў было паранена, шмат дамоў спалена.
Наступленне на Конюхі здзяйсняла група савецкіх партызан у колькасці 120-150 чалавек з розных атрадаў, якія стацыянавалі ў Рудніцкім лесе. Сярод іх былі і яўрэйскія партызаны, якія ўцяклі з гета ў Коўне і Вільні.
Расследаванне гэтага злачынства вялося польскiм Інстытутам нацыянальнай памяці (ІНП). Хаця першапачаткова лічылася, што ўсе жыхары вёскі загінулі падчас атакі, наступныя даследаванні паказалі, што частка з іх змагла збегчы і перажыла вайну. 21 мая 2020 года расследаванне было закрыта пастановай аб спыненні справы “ў сувязі са смерцю кіруючых выканаўцаў і невыяўленнем астатніх злачынцаў”.
Крыніца: wb24.org/salcininkai.lt
Фота: salcininkai.lt