На сённяшнім пасяджэнні ўрад Літвы зацвердзіў прапанову Міністэрства замежных спраў краіны аб працягу дзеяння закона аб абмежаваннях для грамадзян Расіі і Беларусі яшчэ на адзін год. Разам з тым, новы законапраект уключае палажэнні аб узмацненні жорсткасці пагранічнага кантролю ў дачыненні да беларусаў.
Як паведамляе LRT, беларусаў, якія ўязджаюць у Літву па шэнгенскай візе, будуць падвяргаць дадатковай ацэнцы і праверцы. Такі парадак ужо дзейнічае для грамадзян Расіі.
Таксама абмежаванні на куплю нерухомасці, якія ўжо ёсць у дачыненні да расiян, будуць распаўсюджвацца і на юрыдычных асоб, бенефіцыярыем якіх з’яўляюцца грамадзяне РФ.
Нагадаем, у адпаведнасці з дзейным законам, расіяне і беларусы абмежаваны ў магчымасці атрымання літоўскіх віз і статусу электроннага рэзідэнта, але грамадзяне Расіі дадаткова абмежаваны ў магчымасці прыязджаць у Літву і набываць нерухомасць, а іх заявы на від на жыхарства ў Літве таксама часова не прымаюцца. Дзеянне закона прапануецца прадоўжыць да 2 мая 2025 года.
Частка літоўскіх палітыкаў, уключаючы прэзідэнта Гітанаса Наўседу, выступаюць за тое, каб цалкам зраўняць абмежаванні для беларусаў і расiян. Аднак гэтая пазіцыя не знайшла падтрымкі ў Сейме ў мінулым годзе. Нядаўна старшыня камітэта па нацбяспецы Лаўрынас Кашчунас і яшчэ два дэпутаты-кансерватары зарэгістравалі законапраект, які прадугледжвае абмежаванні на выдачу ВНЖ для беларусаў, якія зноў прыбылі, а таксама некаторыя іншыя меры. Пры гэтым сам Кашчунас пазней прызнаў, што яго ініцыятыва наўрад ці набярэ ў парламенце патрэбную колькасць галасоў.
Крыніца: lrt.lt/reform.by
Фота: Delfi/Domantas Pipas