Польскае МЗС апублікавала заяву ў першую гадавіну асуджэння Анджэя Пачобута, вядомага польскага журналіста і аднаго з лідараў Саюза палякаў у Беларусі. Яго вызваленне застаецца прыярытэтам для ведамства.
“Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Польшча рашуча выступае супраць выкарыстання палякаў у Беларусі ў якасці заложнікаў уладаў у Мінску і паўтарае свой заклік да неадкладнага, безумоўнага вызвалення і апраўдання Анджэя Пачобута і іншых палітычных зняволеных”, – гаворыцца ў заяве.
МЗС Польшчы адзначае, што Пачобут стаў сімвалам беспрэцэдэнтных рэпрэсій і барацьбы за права культываваць традыцыі продкаў, вывучаць польскую мову і абараняць месцы памяці, супольныя для польскай і беларускай спадчыны.
«Яго справа з’яўляецца доказам відавочна канфрантацыйнай пазіцыі Мiнска і сведчыць аб ягонай гатоўнасці дамагацца далейшай дэградацыі ўзаемаадносін. Міністэрства замежных спраў рашуча заклікае беларускія ўлады паважаць міжнароднае права і двухбаковыя пагадненні адносна абароны правоў нацыянальных меншасцяў», – гаворыцца ў заяве.
Анджэй Пачобут, журналіст і дзеяч польскай меншасці ў Беларусі, знаходзіцца ў турме з сакавіка 2021 года. У лютым гэтага года Пачобут быў асуджаны на восем гадоў строгага рэжыму за нібыта “заклік да санкцый” і “распальванне варожасці”. Прыгавор вынес суддзя Гродзенскага абласнога суда Дзмітрый Бубенчык. Журналіст адбывае пакаранне ў калоніі строгага рэжыму ў Наваполацку, на поўначы Беларусі. Са жніўня ён знаходзіўся ў карцэры, дзе яму не давалі неабходных лекаў.
МЗС Польшчы адзначае, што рэпрэсіі беларускага рэжыму ў дачыненні да сваіх грамадзянаў працягваюць узмацняцца, што прывяло да таго, што тысячы беларусаў вымушаныя былі з’ехаць з краіны, у асноўным у Польшчу. МЗС Польшчы заклікае вызваліць і зняць абвінавачанні з усіх палітвязняў і неадкладна спыніць рэпрэсіі ў Беларусі.
Kрыніца: gov.pl
Фота: sopot.pl