У сераду, 28 лютага, польская абшчына Ваўкавыскa развіталася з паручнікам Уладзіславам Ухналевічам, псеўданім “Крот”, салдатам Арміі Краёвай і антыкамуністычнага падполля, зняволеным, прыгавораным савецкімі ўладамі да смяротнага пакарання, пазней замененага на 25 гадоў лагероў.

Уладзіслаў Ухналевіч нарадзіўся 25 жніўня 1925 года ў Войдзевічах недалёка Ваўкавыска, адным з дванаццаці дзяцей Альбіны з дому Хорбік і Каміля Яна Ухналевіча. Яго бацька быў шаўцом, а маці швачкай; сям’я таксама вяла невялікую гаспадарку. У шасцігадовым узросце Уладзіслаў пакінуў родны дом, каб пачаць адукацыю ў пачатковай школе ў Пясках, якую ён працягнуў у Ваўкавыску, у пачатковай школе і гімназіі.

Выбух Другой сусветнай вайны перапыніў яго адукацыю. Яшчэ ў гімназіі Уладзіслаў сутыкнуўся з польскім скаўцкім рухам, а пасля верасня 1939 года перайшоў у шэрагі Саюза Узброенай Барацьбы, а затым змагаўcя ў радах Арміі Краёвай. Ён выконваў функцыі сувязнога і разведчыка, дасягнуўшы звання капрала пад псеўданімам “Крот”. Пасля ўваходу саветаў у 1944 годзе ён працягнуў дзейнасць у польскiм падполлі.

Неўзабаве ён быў прызваны ў савецкую армію, дзе яго абвінавацілі ў спробе ўцёкаў у Лондан на ваенным самалёце. Яго арыштавалі, дапытвалі і прыгаварылі да смяротнага пакарання, якое было заменена на 25 гадоў цяжкіх работ у Варкуце і Новай Зямлі. У ссылцы Уладзіслаў Ухналевіч прабыў да 1957 года, працуючы на будаўніцтве дарог і здабычы каменнага вугалю. Пасля смерці Сталіна прысуд быў скарочаны, і напрыканцы адбывання пакарання Ухналевіч нават змог вучыцца ў тэхнікуме.

Пасля вяртання з лагера Уладзіслаў Ухналевіч пачаў новае жыццё ў Ваўкавыску. Ён стварыў сям’ю, працаваў будаўнічым майстрам, а пазней як будаўнік, маляр па сценах і аўтамаляр. Пасля распаду Савецкага Саюза ён уключыўся ў дзейнасць польскай абшчыны ў Ваўкавыску і стаў актыўным членам Таварыства Салдат Арміі Краёвай у Беларусі.

Уладзіслаў Ухналевіч падзяліўся гісторыяй свайго жыцця ў інтэрв’ю для праекта “Палякі на Усходзе. Вусная гісторыя”. Падрабязнасці гутаркі і запіс размовы даступныя на сайце праекта.

Пасылаю
Рэйтынг чытачоў
0 (0 галасоў)