Сёння Каталіцкi касцёл святкуе дзень святога Казіміра Каралевіча, апекуна Польшчы і Літвы, які шануецца за яго выключную набожнасць і дзеянні на шляху збліжэння польскага, літоўскага і беларускага народаў. У гэтым годзе спаўняецца 540 гадоў з дня, калі ён памёр у Гродне.
Казімір Ягелончык нарадзіўся ў Кракаве ў Каралеўскім Замку на Вавелі, як трэцяе дзіця і другі сын Казіміра IV Ягелончыка і Лізаветы Ракушанкі. Яго выхавацелем, як і астатніх братоў, быў Ян Длугаш, кракаўскі канонік, які да XIX стагоддзя быў самым выдатным гісторыкам Польшчы. “Ён быў юнаком высакародным, рэдкіх здольнасцяў і годнага памяці розуму” – запісаў Длугаш аб Казіміры.
У 1471 годзе брат Казіміра, Уладзіслаў, быў каранаваны на чэшскага караля. У той жа час у Венгрыі ўспыхнуў бунт супраць мясцовага караля Марціна Корвіна. На трон запрасілі Казіміра. Яго бацька ахвотна пагадзіўся на гэтую прапанову. Казімір адправіўся разам з 12 тысячамі войска, каб падтрымаць паўсталых магнатаў. Аднак яны ў выніку адклікалі сваю падтрымку, і Казімір вярнуўся ў Польшчу без венгерскай кароны. Гэтае расчараванне прымусіла яго шмат што пераасэнсаваць.

Святы Казімір на абразе ў віленскай катэдры (каля 1520 г.)
Пасля вяртання ў краіну княжыч не перастаў цікавіцца публічнымі справамі, наадварот, стаў правай рукой бацькі, які бачыў у ім свайго пераемніка і паступова ўцягваў яго ў сумеснае кіраванне. Падчас двухгадовага знаходжання бацькі ў Літве Казімір у якасці намесніка кіраваў Каралеўствам Польскім. Дзяржаўныя абавязкі ён умеў спалучаць з багатым духоўным жыццём. У канцы 1483 года ён прыбыў у Гродна разам з бацькам і там цяжка захварэў. Менавіта там ён памёр 4-га сакавіка 1484 года, ва ўзросце 26 гадоў. Яго пахавалі ў віленскай катэдры, у капліцы Найсвяцейшай Панны Марыі, якая з таго часу стала месцам паломніцтваў. У 1518 годзе кароль Жыгімонт I Стары, родны брат Казіміра, адправіў праз прымаса ў Рым просьбу аб кананізацыі кaралевіча. Леў X у пачатку 1520 года паслаў у гэтай справе ў Польшчу свайго легата. Той, уражаны культам, які тут пабачыў, сам склаў у гонар Казіміра лацінскі гімн і напісаў яго жыццяпіс. На падставе паказанняў легата Леў X у 1521 годзе выдаў кананізацыйную булу і ўручыў яе біскупу плоцкаму, Эразму Цялкоўскаму, які знаходзіўся тады ў Рыме. Аднак той памёр яшчэ ў Італіі, і ўсе ягоныя дакументы ў 1522 годзе зніклі. Кароль Жыгімонт III аднавіў намаганні, якія завяршыліся новай булай, выдадзенай Кліментам VIII 7 лістапада 1602 года на аснове папярэдняга дакумента Льва X, копія якога захавалася ў Ватыканскім архіве.

Гродна на панараме Браўна і Гогенберга XVI ст. (крыніца: wikipedia.org)
Калі ў 1602 годзе з нагоды кананізацыі адкрылі труну Казіміра, яго цела было знойдзена непашкоджаным, нягледзячы на вельмі высокую вільготнасць у грабніцы. У галавы Казіміра захаваўся тэкст гімна ў гонар Марыі Omni die dic Mariae (Усхваляй Марыю кожны дзень), аўтарства якога прыпісваецца святому Бернарду (+1153). Мяркуецца, што Казімір даў абяцанне вечнай цнатлівасці. Таксама ён адмовіўся ад прапанаванага яму ганаровага шлюбу з дачкой нямецкага імператара Фрыдрыха ІІІ.
Цырымонія кананізацыі адбылася ў 1604 годзе ў віленскай катэдры. У 1636 годзе рэліквіі Казіміра ўрачыста перанеслі ў новую каплiцу, заснаваную Жыгімонтам III і Уладзіславам IV. У 1953 годзе іх перанеслі з віленскай катэдры ў касцёл святых Пятра і Паўла. У цяперашні час ён зноў ушаноўваецца ў катэдры.
Святы Казімір з’яўляецца адным з самых папулярных польскіх святых. Ён таксама з’яўляецца галоўным апекуном Літвы. На Віленшчыне і Гродзеншчыне да гэтага часу захаваўся звычай продажу ў дзень св. Казіміра абаранкаў, пернікаў і пальмаў; раней таксама прадавалі лячэбную траву (кірмаш вядомы як Казюкі). У 1948 годзе ў Рыме быў заснаваны Літоўскі каледж пад заступніцтвам св. Казіміра. У тым жа годзе Пій XII абвясціў св. Казіміра галоўным апекуном літоўскай моладзі. У 1960 годзе Мальтыйскія рыцары выбралі св. Казіміра сваім галоўным патронам; тады ж яны атрымалі частку рэліквій Святога.
Крыніца: brewiarz.pl