Рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне рэстаўратараў паведаміла, што пачаліся работы па выратаванні дзвюх гістарычных капліц на тэрыторыі былой сядзібы Агінскіх у вёсцы Ручыца пад Вілейкай у Мінскай вобласці.
Па першай каплічцы (бліжэй да месца знаходжання былога касцёла) ўжо выкананы супрацьаварыйныя работы. Узмацнены падмуркі , адноўлена адмостка, пачаліся і будуць працягнуты ў гэтым годзе рамонтна-аднаўленчыя работы.
Гэтыя ідэнтычныя капліцы былі пабудаваны ў 1765 годзе ў стылі ракако па праекце віленскага архітэктара Томаша Жэброўскага.
Нагадаем, што ў кастрычніку 2020 года адна з капліц абрынулася. Гэтая падзея заахвоціла ўлады прыняць меры для абароны гэтага помніка. Удалося выратаваць фігуру Дзевы Марыі, якая раней упрыгожвала інтэр’ер адной з капліц, а зараз экспануецца ў музеі старабеларускай культуры Нацыянальнай акадэміі навук.
У канцы 2021 года мясцовыя ўлады аб’явілі тэндэр на вывучэнне рэшткаў былой сядзібы Агінскіх, уключаючы распрацоўку плана рэнавацыі і вызначэнне ахоўных зон.
На падст. t.me/spadczyna, radzima.org