148 гадоў таму, 6 кастрычніка 1876 года, у Асташыне пад Навагрудкам нарадзіўся Ян Булгак — выдатны мастак-фатограф, тэарэтык, крытык і публіцыст, якога называюць «бацькам польскай фатаграфіі». Яго творчасць з’яўляецца часткай агульнай культурнай спадчыны Беларусі, Літвы і Польшчы.
Ён быў сынам Валерыя Антонія Станіслава Булгака герба Сыракомля і Юзэфы Хаціцкай герба Рох, а яго сын, Януш Булгак, таксама абраў мастацкі шлях, стаўшы фатографам і кампазітарам.
Пасля заканчэння гімназіі ў Вільні і вывучэння філасофіі ў Ягелонскім універсітэце Ян Булгак зацікавіўся фатаграфіяй, якой поўнасцю прысвяціў сябе па парадзе мастака Фердынанда Рушчыца. Ключавым момантам у яго мастацкай кар’еры стала набыццё досведу ў фотастудыі Хуга Эрфурта ў Дрэздэне ў 1912 годзе. У гэты ж час Булгак пачаў дакументаваць архітэктуру Вільні і іншых польскіх гарадоў, што стала асновай для стварэння цыкла са 158 альбомаў пад назвай “Польшча ў фатаграфічных малюнках Яна Булгака”.
Як тэарэтык і крытык, Булгак актыўна працаваў над развіццём фотажыцця ў Польшчы. Ён быў сузаснавальнікам Віленскага фотаклуба і Польскага фотаклуба, а пасля Другой сусветнай вайны садзейнічаў стварэнню Саюза польскіх мастакоў-фатографаў, які пазней пераўтварыўся ў Саюз польскіх артыстаў-фатографаў. Ён выкарыстоўваў так званыя высакародныя тэхнікі, а яго фатаграфіі часта адлюстроўвалі сімвалічныя пейзажы і партрэты, звяртаючыся да традыцый XIX стагоддзя.
У 1930-х гадах Булгак прасоўваў канцэпцыю “айчыннай фатаграфіі”, якая падкрэслівала польскасць у фатаграфіі. Творчасць Булгака зведала эвалюцыю, у якой традыцыйны піктарыялізм спалучаўся з сучаснымі элементамі, запазычанымі з авангарду. Яго мастацкая спадчына, нягледзячы на тое, што ў значнай ступені была знішчана падчас Другой сусветнай вайны, аказала доўгачасовы ўплыў на наступныя пакаленні польскіх фатографаў.
Булгак таксама быў аўтарам мноства тэарэтычных і тэхнічных публікацый, такіх як “Фатаграфіка” (1930) або “Айчынная фатаграфія” (1951), якая была спробай адаптацыі міжваеннай канцэпцыі фатаграфіі да ўмоў сацрэалізму. Хоць яго піктарыялізм паходзіў з арыстакратычнай традыцыі, парадаксальна, ён стаў адным з ключавых напрамкаў сацрэалізму ў Польшчы ў 1949-1955 гадах.
Ян Булгак памёр 4 лютага 1950 года ў Гіжыцку падчас сваёй апошняй фатаграфічнай выправы па краіне. Ён быў пахаваны на Павонзкаўскіх могілках у Варшаве.
Падрыхтаваў Здзіслаў Дэмбоўскі
Wb24.org