Святлана Ціханоўская сустрэлася ў пятніцу, 4 кастрычніка, з міністрам унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Томашам Семанякам. Прысутны на перамовах дыпламатычны саветнік лідaра беларускіх дэмакратычных сіл Дзяніс Кучынскі паведаміў, што польскаму боку былі перададзены прапановы па прадаўжэнні льготнай працэдуры выдачы дазволаў на пражыванне для грамадзян Беларусі, а таксама прадаўжэнню тэрміну дзеяння польскіх дакументаў для іншаземцаў.
Дзяніс Кучынскі кажа, што пытанні легалізацыі і атрымання беларусамі польскіх дакументаў былі ключавымі на перамовах Святланы Ціханоўскай і міністра ўнутраных справаў Польшчы Томаша Семаняка.
“Абмеркавалі магчымасць выдачы «пашпартоў замежнікаў» (польскіх праязных дакументаў) для беларусаў на большы тэрмін, просім павялічыць яго з года да трох гадоў”, – паведаміў «Люстэрку» Дзяніс Кучынскі.
“Таксама мы папрасілі прадугледзець магчымасць атрымання новага такога дакумента ў выпадку, калі ў дзейным скончыліся старонкі для віз і штампаў, што вырашыць патэнцыйныя праблемы з перасячэннем беларусамі межаў. Яшчэ абмеркавалі магчымасць выдачы праязных дакументаў для дзяцей грамадзян Беларусі, народжаных у Польшчы, бо ведаем, што з гэтым узнікаюць праблемы”.
Па словах Кучынскага, абмяркоўвалася магчымасць падаўжэння спрошчанай для беларусаў працэдуры выдачы відаў на жыхарства і абмену некаторых дакументаў, у прыватнасці пасведчанняў кіроўцы, без неабходнасці прадастаўлення пацверджання іх арыгінальнасці з беларускіх дзяржаўных органаў.
Падчас сустрэчы таксама абмяркоўваліся праблемы беларускіх грамадзян, звязаныя з адкрыццём рахункаў у польскіх банках.
Міністр Томаш Сeмоняк і Святлана Ціханоўская таксама гаварылі пра рэпрэсіі рэжыму супраць польскай меншасці ў Беларусі.
Тэрміны ўвядзення зменаў пакуль не агучваліся. Дзяніс Кучынскі кажа, што бліжэйшымі днямі гэтае пытанне будзе абмяркоўвацца на працоўных сустрэчах прадстаўнікоў беларускіх дэмсіл і польскіх чыноўнікаў.
Крыніца: wb24.org/zerkalo.io/gov.pl
фота gov.pl