113 гадоў таму, 7 кастрычніка 1911 года, у Карэлічах пад Навагрудкам нарадзіўся Валянцін Рамановіч – выдатны польскі мастак, скульптар і графік, па адукацыі ўрач. Ён быў адным з заснавальнікаў Віленскай групы, якая карысталася вялікім прызнаннем у мастацкім асяроддзі Вільні.

Рамановіч пачаў вучобу ў 1924 годзе ў дзяржаўнай гімназіі імя Адама Міцкевіча ў Навагрудку, а пасля яе заканчэння ў 1930 годзе паступіў на факультэт прыгожых мастацтваў Універсітэта Стэфана Баторыя ў Вільні. Пасля завяршэння вучобы ў 1934 годзе атрымаў права выкладаць маляванне ў сярэдніх школах. Адначасова ён вывучаў медыцыну, а з кастрычніка 1936 года працаваў дэманстратарам у кафедры апісальнай анатоміі пад кіраўніцтвам Міхаіла Рэйхера і Вітольда Сільвановіча. Неўзабаве ён быў падвышаны да асістэнта і ўдзельнічаў у секцыйных занятках са студэнтамі. У 1937 годзе стаў сузаснавальнікам Віленскай групы, з якой выстаўляў свае працы да 1939 года.

Валянцiн Рамановіч (фота: polymia.by)

Пасля пачатку Другой сусветнай вайны Рамановіч знайшоў працу ва Універсітэце Стэфана Баторыя, дзе з 1 кастрычніка 1939 года да закрыцця ўніверсітэта 15 снежня чытаў лекцыі па мастацкай анатоміі. Ён не спыніў сваю мастацкую дзейнасць; у гэты перыяд ствараў ксілаграфію, гравюры на медзі і алейныя пейзажы, а некаторы час таксама займаўся акватынтам.

У 1935–1940 гадах ён удзельнічаў у археалагічных і рэстаўрацыйных работах па аднаўленні руін Трокскага замка пад кіраўніцтвам Яна Бароўскага і Ежы Хопена. У 1940 годзе ён браў удзел у археалагічных і рэстаўрацыйных работах на Ковенскiм замку, адначасова ствараючы замалёўкі архітэктуры і яе наваколля.

Валянцiн Рамановіч, «Вострая Брама і Замкавая гара ў Вільні», 1935 (крыніца: bid.desa.pl)

Валянцін Рамановіч, «Над Свіцяззю», 1939 (крыніца: bid.desa.pl)

З 1941 года, на аснове матэрыялаў, сабраных у Троках, Рамановіч пачаў працу над так званым «троцкім цыклам», які складаецца з 32 гравюр. Працу над гэтым праектам ён завяршыў у 1944 годзе. Нажаль, мастак трагічна загінуў у снежні 1945 года ў Вільні.

Калекцыя яго работ захоўваецца ў бібліятэцы Універсітэта Мікалая Каперніка ў Торуні, куды яна была перададзена ўдавой мастака, мастачкай Альдонай Рамановіч. Яго творчасць працягвае заставацца важнай часткай польскай мастацкай спадчыны на Крэсах.

Падрыхтаваў Здзіслаў Дэмбоўскі

Wb24.org

Пасылаю
Рэйтынг чытачоў
3,75 (4 галасоў)