16 кастрычніка 2024 года ва ўзросце 101 года пайшла з жыцця Ванда Барткевіч — жаўнер польскага падполля і санітарка першага атрада АК на Віленшчыне пад камандаваннем Антонія Бужынскага «Кміціца», які базаваўся ў раёне возера Нарач.
Ванда Барткевіч, у дзявоцтве Чыжэўская, пс. «Бася», «Барбара Закжэўская», нарадзілася 26 жніўня 1923 года ў землеўладальніцкай сям’і на Віленшчыне. Да вайны належала да Марыянскай садаліцыі і скаўцтва, якія разам з сям’ёй і школай сфарміравалі яе патрыятычную пазіцыю.
Падчас вайны яна пераканалася, што дапамога хворым і параненым — гэта яе пакліканне. Яна стала санітаркай першага партызанскага атрада, створанага на Віленшчыне пад камандаваннем паручніка Антонія Бужынскага «Кміціца». Узяла ўдзел у нападзе на Дунілавічы, прайшла санітарную, медыцынскую і вайсковую падрыхтоўку. Разам з ёй вучыліся, сярод іншых, Лідзія Львоў «Лала» і Яніна Васілойць «Яхна». Атрад Бужынскага быў разбіты 26 жніўня 1943 года ў выніку засады, праведзенай адным з кіраўнікоў савецкіх партызанаў Фёдарам Маркавым, а «Кміціц» і амаль 80 яго жаўнераў загінулі ад рук саветаў.

База «Кміціца» каля воз. Нарач (фота: postawyiokolice.blogspot.com)
«Басі» ўдалося перабрацца ў Вільню, дзе яна атрымала заданне даглядаць параненых жаўнераў у прыватных кватэрах. Сярод яе пацыентаў быў, у прыватнасці, паранены ў лёгкае маёр Стэфан Свехоўскі «Суліма». Заданні, якія яна выконвала, былі надзвычай цяжкімі, таму што акрамя догляду за параненымі жаўнерамі, яна таксама павінна была выконваць правілы канспірацыі, каб не дапусціць правалу і арышту. Пазней яна працавала ў віленскім шпіталі Чырвонага Крыжа на вуліцы Маставой пад кіраўніцтвам доктара Здзіслава Кетуракіса.

Ванда Барткевіч (фота: ІНП)
У Вільні яна цудам знайшла маці, з якой раней не мела кантакту, і перад аблiччам нарастаючага савецкага тэрору вырашыла разам з ёй пакінуць родныя мясціны. Сям’я Чыжэўскіх асела ў Маронгу, а неўзабаве Ванда паступіла ў медсясцёрска-акушэрскую школу ў Гданьску. Тут яна аднавіла кантакт з партызанамі-вільнюкамі — жаўнерамі паручніка «Кміціца» і маёра Зыгмунта Шэндзеляжa «Лупашкі». Яна стала сувязной, а ў доме бацькоў у Маронгу арганізавала кантактны пункт для жаўнераў 5-й Віленскай брыгады АК, якія не склалі зброі і працягвалі барацьбу з новым акупантам.
8 ліпеня 1946 года ў кватэры сям’і Чыжэўскіх у Маронгу супрацоўнікі УБ (Упраўлення бяспекі) наладзілі засаду. На працягу трох дзён яны затрымалі амаль трыццаць чалавек. «Басю» арыштавалі ў Ольштыне і замкнулі ў тамтэйшай турме. Вінаватай у здачы у 1946 годзе ў Ольштыне і многіх іншых населеных пунктах, у тым ліку ў Мaронгу, была адна з самых давераных асобаў «Лупашкі», яго сувязная, Рэгіна Жылінская-Мордас псеўданім «Рэгіна», якая выдала на смерць дзясяткі байцоў «Лупашкі», у тым ліку санітарку Дануту Седзiк «Інку».
«Басю» абвінавацілі ў прыналежнасці «да незаконнай арганізацыі Арміі Краёвай» — атрада маёра Зыгмунта Шэндзеляжа «Лупашкі», а таксама ў «нападах на салдат Чырвонай Арміі і Войска Польскага». Нягледзячы на жорсткае следства, яна не прызнала сваёй віны.
9 мая 1947 года, пасля тыднёвага судовага разгляду, Ваенны раённы суд у Ольштыне апраўдаў «Басю» за недахопам доказаў яе віны.
Пасля вызвалення з турмы яна скончыла школу медсясцёр і акушэрак у Беластоку. У 1950 годзе выйшла замуж за ўрача Людвіка Барткевіча, з якім выхавала чацвярых дзяцей. У 1985 годзе Ванда Барткевіч аднавіла кантакты са сваімі былымі сябрамі з атрадаў «Кміціца» і «Лупашкі» і падтрымлівала іх на працягу многіх гадоў.

Сотыя ўгодкі Ванды Барткевіч, 26 жніўня 2023 года (фота: Караліна Рэтковіч, ІНП)
У красавіку 2023 года Ванда Барткевіч атрымала з рук старшыні Інстытутa нацыянальнай памяці ганаровую ўзнагароду «Сведка Гісторыі».