Галоўная вежа Навагрудскага замка, вядомая як Шчытоўка, будзе адноўлена да сваіх гістарычных памераў. Плануецца арганізаваць у ёй музейную экспазіцыю. Кампанія «Белрэстаўрацыя» прадставіла візуалізацыю таго, як вежа будзе выглядаць пасля завяршэння работ.
Як паведамляе галоўны архітэктар праекта Андрэй Карпюк, план прадугледжвае рэстаўрацыю захаваных фрагментаў гістарычных муроў, а таксама аднаўленне страчаных сцен вежы.
«Страчаныя сцены спецыяльна прапануецца рабіць з новай цэглы. Такі прыём дазволіць паказаць розніцу паміж старадаўнімі і адноўленымі сценамі», — патлумачыў Карпюк.
Унутраная прастора вежы будзе ператворана ў шматузроўневую музейную экспазіцыю. Тут размесцяцца экспанаты і артэфакты, знойдзеныя археолагамі падчас раскопак на Замкавай гары з 1960-х гадоў XX стагоддзя. Музей будзе абсталяваны сучаснымі мультымедыйнымі прыладамі, а вокны з вітражамі і драўляныя дзверы будуць нагадваць гістарычную эпоху.
Аднаўленне Шчытоўкі — шосты этап рэканструкцыі Навагрудскага замка, якая доўжыцца ўжо больш за дзесяць гадоў. У межах папярэдніх работ удалося, сярод іншага, уратаваць ад разбурэння Касцёльную вежу, а таксама ўмацаваць схілы замкавай гары. Цяпер уваход на тэрыторыю Замкавай гары закрыты, а агляд адбываецца пад наглядам супрацоўнікаў музея або ў складзе арганізаваных экскурсій.
Kрыніца: wb24/nashaniva.com
Фота: ОАО «Белрэстаўрацыя»