21 жніўня ў парафіі св. Казіміра ва Уселюбе, што на Навагрудчыне, адбыўся
першы хрысціянскі фестываль Novafest. Адметнасцю праграмы было
праслаўленне Бога "ў духу і ў праўдзе" (Ян 4:23). Фестываль сабраў вернікаў
усіх узростаў з усіх куткоў Беларусі.
Падчас фестывалю можна было пачуць сведчанні людзей аб іх навяртанні да
Бога праз пакаянне і пераасэнсаванне свайго асабістага жыцця. Нечаканыя, а
часам і неверагодныя гісторыі маленькіх і вялікіх цудаў перамянення, мабыць,
для кагосьці сталі штуршком для таго, каб зрабіць першы крок на дарозе
духоўнага ўрастання.
Сваімі сведчаннямі падзяліліся і прадстаўнікі рухаў і колаў, якія дзейнічаюць у
Касцёле ў Беларусі.
У гэтым годзе малітоўны рух "Легіён Марыі" адзначае 100 -годдзе. Адзін з яго
актыўных удзельнікаў, Уладзімір Вайцяховіч, распавёў пра службу легіянераў у
Касцёле. Прадстаўнікі руху «Маці ў малітве» падзяліліся, як «духоўны клопат»
дапамагае ім рэалізоўваць сваё пакліканне і заданне мацярынства.

Супрацоўнікі дабрачыннага фонду «Адкрытыя сэрцы», які займаецца абаронай
жыцця і сям’і, распавялі пра каштоўнасці чалавечага жыцця і абарону
традыцыйных сямейных каштоўнасцяў.
Сваімі ўражаннямі падзялілася валанцёр фестывалю Ірэна з Душпастырства
студэнтаў і старэйшай моладзі OPEN з Гродна. Дзяўчына яшчэ ў верасні
мінулага года вырашыла, што павінна быць ва Уселюбе, каб сваімі ўменнямі
быць карыснай у служэнні Богу і бліжняму. З таго часу Бог па-свойму паступова
рыхтаваў яе да гэтага.
Касцёл Св. Казіміра ва Уселюбе – найстарэйшы каталіцкі храм у Беларусі.
Гісторыю гэтага храма сапраўды можна лічыць шматвекавой. Касцёл таксама
вядомы цудадзейнай фігурай Маці Божай Новага Жыцця, якая неаднаразова
была адзначана цудамі.
На падставе catholic.by

Пасылаю
Рэйтынг чытачоў
0 (0 галасоў)