Работы над скульптурнай кампазіцыяй, прысвечанай памяці паўстання 1863-1864 гг., завершаны. Яна будзе ўрачыста адкрыта ў сталіцы Літвы ў гонар 160-й гадавіны пакарання смерцю Кастуся Каліноўскага.
Манумент устаноўлены ў гістарычным цэнтры горада, на тэрыторыі францысканскага манастыра, дзе за паўгода да пачатку паўстання прайшлі першыя рэлігійна-патрыятычныя антырасійскія маніфестацыі – такім чынам, месца было выбрана не выпадкова.
На шырокім круглым подыуме расстаўленыя бронзавыя постаці чатырох мужчын. Па левы бок стаіць манах-францішканец, бласлаўляючы з крыжам справу паўстання, па правы бок — самі паўстанцы, звернутыя да святыні.
У тварах злёгку ўгадваюцца постаці Кастуся Каліноўскага, Зыгмунта Серакоўскага і Цітуса Далеўскага — быццам персаніфікацыі Беларусі, Літвы і Польшчы ў барацьбе супраць царскай улады.
На пярэднім плане ўкленчаны Каліноўскі, а за яго спінай — Серакоўскі, абодва з паднятымі ў жэсце клятвы рукамі перад копіяй статуі Беззаганнай Дзевы Марыі, прысягаюць у вернасці Богу і Радзіме. Трохі паводдаль стаіць Далеўскі, трымаючы пры сабе руку так, быццам вось-вось далучыцца да сваіх паплечнікаў.
Скульптура манаха таксама не выпадковая, бо віленскія францішканцы падтрымалі паўстанне. За гэта пасля здушэння паўстання ўлетку 1864 года расійскія ўлады адпомсцілі ордэну — зачынілі кляштар, у карпусах якога стварылі турму, а касцёл перабудавалі пад архіў, знішчыўшы яго багатае ўбранне.
Усе трое паўстанцаў, Каліноўскі, Серакоўскі і Далеўскі, былі пакараныя смерцю і пасля таемна пахаваныя расійскімі ўладамі пад гарой Гедыміна. Пасля выпадковага выяўлення ў час раскопак на гары парэштак паўстанцаў, яны былі ў 2019 годзе ўрачыста перапахаваныя ў капліцы на могілках Роса.
Помнік пастаўлены на сродкі Польскага нацыянальнага фонду, які быў створаны за часамі кіравання партыі «Закон і справядлівасць». У Літве Польскі нацыянальны фонд аказваў падтрымку сярод іншага рэстаўрацыі пафранцішканскага касцёла, які лічыцца «польскім сэрцам» Вільні.
Крыніца: nashaniva.com
Фота: nashaniva.com