Папа Францішак прызначыў дату беатыфікацыі айца Міхала Рапача на 15 чэрвеня. Ксёндз Рапач быў адным са шматлікіх польскіх святароў, якія страцілі жыццё з рук камуністаў.

Цырымонія беатыфікацыі стане кульмінацыяй Эўхарыстычнага кангрэса, які будзе арганізаваны ў гэты час у Кракаўскай архідыяцэзіі. Дэкрэт аб уключэнні айца Міхала Рапача ў лік блажэнных Каталіцкай царквы Папа Францішак зацвердзіў у пачатку года, 24 студзеня.

Ксёндз Міхал Рапач нарадзіўся 16 верасня 1904 года ў вёсцы Тэнчын у Малапольшы ў рэлігійнай сялянскай сям’і. Айцец Ян і маці Мар’яна вялі гаспадарку і займаліся земляробствам. У пачатковую школу ён хадзіў у роднай вёсцы, а потым вучыўся ў гімназіi ў Мышлянiцах. У 1926 годзе ён паступіў у Вышэйшую Духоўную Семінарыю ў Кракаве. 1 лютага 1931 года Міхал Рапач быў пасвечаны ў святары. Яго першай пастырскай пасадай была парафія Плокі, дзе быў вікарыем. Затым ён працаваў вікарыем у парафіі Райча ў Жывецкім павеце. У 1939 годзе ён вярнуўся ў Плокі ў якасці пробашча гэтай парафіі.

Ксёндз Рапач быў святаром адданым, чалавекам малітвы, які адважна адстойваў праўду. Ён дапамагаў матэрыяльна і духоўна бедным, якія пацярпелі ад нацысцкай акупацыі (1939-1945). Пасля заканчэння Другой сусветнай вайны яго праца не падабалася камуністам. Асноўная прычына была ў яго рабоце з моладдзю, якая яго любіла і якой ён прысвячаў шмат часу. Таксама не падабалася яго смелае адстойванне месца Бога і Царквы ў грамадскім жыцці.

Эмацыйная сувязь з прыхаджанамі і пастырская стараннасць плоцкага пробашча пацвярджаецца вядзёным ім Liber animarum – Кнігай душ. Гэта быў сшытак, у якім кожная сям’я мела сваю старонку. Там былі як каталікі, так і сем’і іншых веравызнанняў (сведкі Іеговы), а таксама няверуючыя. Кожную ноч ён ішоў у касцёл і перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам пайменна маліўся за кожную сям’ю. Малітву за канкрэтную сям’ю ён звычайна заканчваў, адпраўляючы Крыжовы шлях.

Яго неаднаразова папярэджвалі, што на яго вынесены смяротны прысуд. Таму хто папярэдзiў аб пагрозе ён сказаў: Я гатовы аддаць жыццё за сваіх авечак. Уначы з 11 на 12 мая 1946 года група камуністычных выканала смяротны прысуд. Выведзены з плябанii, у напрамку найбліжэйшага лесу, ён вымавіў свае апошнія словы, якія пачулі прыхаджане: “Ойча, няхай будзе твая воля”.

Крыніца: diecezja.pl/episkopat.pl

Фота: diecezja.pl

Пасылаю
Рэйтынг чытачоў
0 (0 галасоў)