У апошнія месяцы ў беларускіх дзяржаўных СМІ ўзмацнілася прапагандысцкая кампанія супраць cалдатаў Арміі Краёвай. У гэтым артыкуле мы разгледзiм асноўныя тэзiсы, якія тыражуюцца прапагандай рэжыму пра дзейнасць гэтага фармавання.

Салдаты польскага падполля займалі паcты ў акупацыйнай адміністрацыі. Гэта «доказ» калабарацыі з немцамі

Польскія партызаны пачалі працаваць у немцаў па выразнай рэкамендацыі камандавання Навагрудскай акругі Саюза узброенай барацьбы – Aрмii Kраёвай, каб дзейнічаць на карысць польскага руху супраціўлення. Бессэнсоўна вінаваціць салдатаў польскага падполля ў тым, што яны пераапраналіся ў мундзіры бурмістраў, паліцаяў, камандзіраў і г. д. Таксама рабілі савецкія партызаны. Узгадаем, напрыклад, «легендарнага» Канстанціна Заслонава, які працаваў для немцаў на чыгуначнай станцыі, або камандзіра савецкага партызанскага атрада Астрэйку з брыгады Марчанкі, які, перш чым камандаваць атрадам, паспеў нават прыняць удзел у «вырашэннi яўрэйскага пытання» будучы кіраўніком мясцовай паліцыі.

Большасць палякаў на тэрыторыi Беларусі былі настроеныя антынямецка. Гэта пацвярджаюць не толькі польскія, але і савецкія крыніцы. Сувязныя савецкіх партызанскіх атрадаў са Слонімскага і Стаўбцоўскага паветаў, якія ў канцы 1942 г. дайшлі да Беларускага штаба партызанскага руху (БШРП), пагаджаліся, што мясцовыя палякі «выступаюць супраць Германіі — за вызваленне Польшчы» і « большасць палякаў жадаюць мець незалежную польскую дзяржаву, чакаюць Сікорскага».

Акаўцы праводзілі этнічныя чысткі

Трэба выразна сказаць, што Армія Краёвая не праводзiла этнічных «чыстак», як сцвярджаюць прапагандысты. Праўда, большасць расстраляных Арміяй Краёвай у Беларусi складалі людзі беларускага паходжання. Рэпрэсіі супраць беларусаў праводзiлiся не таму, што яны беларусы. Іх расстрэльвалі, як і палякаў, у выпадку супрацы з немцамі ці дзеянняў на шкоду польскай дзяржаве ці народу. Такім можна было лічыць супрацоўніцтва з савецкімі партызанамі.

Беларуская прапаганда часта згадвае пра расстрэлы беларусаў салдатамi Арміі Краёвай, ігнаруючы пры тым масавыя забойствы палякаў і беларусаў савецкімі партызанамі.

Самы трагічны прыклад — расправа над жыхарамі вёскі Налібакі (у Налібоцкай пушчы) 8 мая 1943 года, калі партызаны з атрада iм. Бельскага і Сталіна забілі 128 чалавек, у тым ліку тры жанчыны, некалькі падлеткаў і 10-гадовага хлопчыка. Такі ж лёс напаткаў жыхароў вёскі: Конюхі – у студзені, Лугамавічы, Ізабелін, Качанава, Бабінск, Праўжалы – у лютым, Шчэпкi і Неванянцы – у красавіку, Камень – у маi 1944 г.

Калі гаворка ідзе пра супрацьстаянне польскіх і савецкіх партызан, то можна меркаваць, што падчас польска-савецкага канфлікту на тэрыторыі сённяшняй Беларусі было забiта каля тысячы савецкіх партызан. У некалькі разоў больш савецкіх партызан па ўсёй краіне было расстраляна спецыяльнымi атрадамi (НКУС і НКДБ) у рамках «чыстак» у сваіх шэрагах ад «непажаданых элементаў».

Гэты канфлікт не абмежаваўся ўзброенымі сутычкамі. Звычайнай справай былі рэпрэсіі, якія праводзіліся паводле прынцыпу калектыўнай адказнасці, ад якіх найбольш пацярпелі мірныя грамадзяне. Паколькі гэтая вайна вялася паміж партызанамі і закранула значную колькасць мясцовага насельніцтва, не будзе перабольшаннем сказаць, што яна мела рысы грамадзянскай вайны.

Армія Краёвая рэдка ваявала з немцамі

Большасць паспяховых аперацый Навагрудскай акругі Арміі Краёвай была накіравана супраць немцаў: захоп мястэчка Астрына восенню 1942 г., спаленне кантор Арбайтсамта ў Шчучыне і Астрыне ў снежні 1942 г., ліквідацыя штаба чыгуначнай станцыi Ружанка і знішчэнне станцыйнага абсталявання 15 мая 1943 г., вызваленне падпольшчыкаў, арыштаваных у снежні 1943 г. з лідскай турмы (27 студзеня 1944 г.) і прывядзенне ў выкананне прысудаў у дачыненні да большасці вінаватых у гэтых арыштах, захоп жандармскіх пастоў у Суботніках і Жэроміне ў сакавіку 1944 г., ліквідацыя аддзела Тодта ў Лідзе (вясна 1944 г.), знішчэнне ўкраінска-нямецкага аддзела пад Сухарамі, узяцце Радуні і абмен 24 нямецкіх салдат, узятых у палон за 100 арыштаваных палякаў 20 мая 1944 г., разгром нямецкага батальёна ў Падварышках 30 чэрвеня 1944 г., захоп Юрацішак (пач. восені 1943 г.), бітва пад Трабамі ў ліпені 1944 г. (разбiта тры нямецкія калоны, якія ўвайшлі ў вёску ) і інш.

Па падліках камандуючага Навагрудскай акругі Арміі Краёвай Януша Праўдзіца-Шляскага, з 1 студзеня 1942 г. да прыходу Чырвонай Арміі войскі АК Навагрудскай акругі правялі 102 узброеныя сутыкненні з немцамі. Усяго, па дадзеных даследчыка Я. Эрдмана, за перыяд з 01.01.1942 г. па красавік 1944 г. са 185 баявых дзеянняў, якія праходзілі ў Навагрудскай акрузе Арміі Краёвай, 102 (55%) былі праведзены супраць супраць немцаў і 81 (45%) супраць савецкіх партызан.

Чарговае абвінавачанне ў «калабарацыянiзме»

Перамовы камандзіраў асобных частак Навагрудскай акругі АК з нямецкімі акупацыйнымі ўладамі адбыліся пасля некалькіх спроб паразумецца з камандаваннем савецкіх партызан і пасля падзей 1 снежня 1943 г. у Налібоцкай пушчы (разрыў дамовы і раззбраенне стаўбцоўскага злучэння АК), калі ўжо не было сумнення, што Саветы імкнуцца да ліквідацыі Арміі Краёвай. Як гэта ні парадаксальна гучыць, але менавіта дзякуючы палітыцы Масквы ў дачыненні да Арміі Краёвай у Беларусі немцам ўдалося вырашыць некаторыя пытанні барацьбы з савецкімі партызанамі. На гэтую тэму на нашым сайце будзе апублікаваны асобны артыкул.

Пішучы пра дамову адной з частак Арміі Краёвай з немцамі, заключаную ў Лідзе 4 студзеня 1944 г., гiсторык Казімір Краеўскі падкрэслівае:

(…) Самі немцы (…) заявілі, што гаворка ідзе аб заключэнні лакальнага спынення агню. Аб сумесных аперацыях супраць бальшавікоў ці аб якім-небудзь падпарадкаванні польскіх войскаў нямецкаму боку не можа быць і гаворкі. Нават гэтае спыненне агню было ўмоўным. Напрыклад, «Рагнер» абавязваўся ўстрымлівацца ад нападу на немцаў, але толькі ў тым выпадку, калі яны таксама не будуць атакаваць.

Аналіз архіўных матэрыялаў паказвае, што гэтыя перамовы пачаліся па ініцыятыве нямецкага боку і не прывялі да заключэння якой-небудзь дамовы або «супрацоўніцтве» паміж Арміяй Краёвай і Германіяй. Паводле звестак беларускіх гісторыкаў А. Хацкевіча і Г. Бялкевіча, апублікаваных імі ў 1995 г., у чэрвені 1944 г. нямецкая разведка ў дакладзе, накіраваным у штаб групы армій «Цэнтр», адзначала:

Нягледзячы на ​​дамову, заключаную паміж камандаваннем службы бяспекi і дзвюма польскімі бандамі «Рагнера» і «Гуры», колькасць нападаў і рабаванняў з боку польскiх груп пастаянна павялічваецца, асабліва ў ваколіцах Вільні. У перыяд з 5 сакавіка па 21 красавіка (1944 г.) колькасць атак на заставы склала 32. У выніку ўважлівага аналізу існуючай сітуацыі можна прыйсці да заключэння, што падпiсанне дамоўленасцей з польскімі бандамі прынясе Вермахту больш шкоды, чым карысці, якую мы даставалі да гэтага часу з іх дзеянняў.

Вядомы быў выпадак, калі афіцэр Арміі Краёвай, які пагадзіўся з прапановай нямецкiх акупантаў весці перамовы, быў канчаткова прысуджаны Трыбуналам Арміі Краёвай да смяротнага пакарання. Гэтыя эпізоды польска-нямецкіх перамоваў, у якіх фактычна ўдзельнічала жменька салдатаў Арміі Краёвай, ня мелі значэння для баявых дзеянняў польскага падполля ўвогуле — Армія Краёвая ў той час была вайсковай арганізацыяй, якая налічвала больш за 400 тысяч салдатаў.

Армія Краёвая сеяла страх сярод мясцовага насельніцтва

Нават данясенні савецкiх партызан паказваюць зусім іншую карціну стаўлення мясцовага насельніцтва да Арміі Краёвай, чым гэта спрабуюць паказаць беларускія прапагандысты. Напрыклад, 30 лістапада 1943г. камандзір і камісар адной з савецкiх брыгад, якія дзейнічалі ў Вілейскай вобласці Заходняй Беларусі, Манохін і Машэраў, у лiсце да Панамарэнкі змушаныя былі прызнаць:

Улічваючы значны аўтарытэт, якім карыстаюцца польскія партызаны сярод мясцовага насельніцтва заходняй часткі вобласці, неабходна нам з жалезнай цвёрдасцю змяніць свае паводзіны… рашуча спыніць пагалоўнае п’янства, марадзёрства сярод нашых партызан і нанесці гэтым самым удар па аўтарытэце польскіх партызан сярод значнай часткі каталікоў, так бы мовіць, у карэктным і ўмелым падыходзе да насельніцтва… У адносінах да легіянераў і іх камандаванню, весці вонкава дружалюбную палітыку і разам з гэтым рыхтаваць па паляках такі ўдар, які б ліквідаваў не толькі іх узброеныя сілы, але і карані глыбокага падполля.

Пра антысавецкія настроі сярод сялян паведамляе ў запісцы ад 9 лістапада 1943 г. камандзiр асобага аддзела брыгады імя Сталіна Іван Парафенюк: «Селянін з хутара Кобішча Ян Манкевіч адкрыта гаворыць «Гітлер-чума, Сталін-халера». Праўда, ён і палякаў не хоча, але кажа, што калі няма цара, то няхай лепш будзе Польшча”. У тым жа духу выказваюцца яго браты Мікалай і Язэп. Савецкiх партызан гэтая сям’я называе не інакш як бандытамі».

Камісар брыгады імя Сталіна Аляксей Мурашоў, апісваючы лёс сваёй партызанскай групы з пяці чалавек, якая была вымушана адысці за ўсходнюю мяжу Польшчы, піша:

Частка насельніцтва гэтых абласцей варожа ставілася да нашай Чырвонай Арміі, і калі мы з’яўляліся каля вёсак і хутароў, сустракалі нас варожа, а часам і аказвалі ўзброенае супраціўленне. Многія з жыхароў хутароў адкрыта выказвалі сваю незадаволенасць, маўляў: «Чаму вы тут бадзяецеся сталінскія бандыты? Ідзіце і здавайцеся немцам».

Многія жыхары Заходняй Беларусі сталі на бок Польскай дзяржавы, атаясамліваючы з ёй адносны дабрабыт і стабільнасць. На гэта паўплывалі бязлітасныя рэквізіцыі і тэрор, як з боку немцаў, так і з боку савецкіх партызан. Польскія партызаны абаранялi сялян як ад немцаў, так і ад саветаў. Колькі значыла для жыхароў магчымасць застацца ў сферы ўплыву польскіх партызан, яскрава сведчыць справаздача аб знаходжанні двух узводаў  77-га пяхотнага палка Арміі Краёвай пад камандаваннем паручніка Станіслава Каралькевіча «Шчэнснага»:

У гэты раён пранікалі розныя ўзброеныя групоўкі «чырвоных», якія пастаянна прыходзiлi з-за Немана па забеспячэнне. Насельніцтва было моцна вынішчана, збяднела і жыло ў пастаянным страху. Цяпер мясцовыя палякі і беларусы сустракалi атрад Шчэнснага з распасцёртымі абдымкамі. На кароткі час ён забяспечыў спакой і гарантаваў бяспеку жыхарам гэтай мясцовасці. Калі «Шчэнсны» ад’язджаў, людзі ў роспачы спрабавалі яго спыніць. З праваслаўнай вёскі жыхары выйшлі хрэсным ходам з харугвамі і святымі іконамі, каб прасіць далейшай абароны ад бандытаў.

Пасылаю
Рэйтынг чытачоў
0 (0 галасоў)