Анджэй Пачобут асуджаны на 8 гадоў калoніі ўзмоцненага рэжыму. Яго прызналі вінаватым у «прызыве да санкцый» і «распальванні сацыяльнай варожасці». 16 студзеня ў Гродзенскiм абласным судзе пачаўся палітычны працэс над адным з лідараў польскай меншасці ў Беларусі.

«Сёння суд у Гродне ў паказальным працэсе асудзіў Анджэя Пачобута на 8 гадоў пазбаўлення волі. Гэта абуральны прысуд, матываваны палітыкай і скіраваны супраць польскай меншасці ў Беларусі», — гаворыцца ў заяве МЗС Польшчы, апублікаванай пасля абвяшчэння прысуду ў твiтары. «Польшча патрабуе спынення антыпольскай дзейнасці і вызвалення палітвязняў», — падкрэсліваецца ў заяве.

На прысуд лукашэнкаўскага суда адрэагаваў і прэс-сакратар польскага МЗС Лукаш Ясіна. «Мы асуджаем несправядлівы прысуд, вынесены судом аўтарытарнай дзяржавы. Анджэй Пачобут — польскі і беларускі патрыёт. Мы будзем увесь час стаяць за ім», — напісаў ён у твітары. «Прыйдзе дзень, калі Анджэй Пачобут і беларускія палякі змогуць жыць у вольнай Беларусі», — дадаў Ясіна.

Пачобут быў затрыманы 25 сакавіка 2021-га разам з іншымі актывістамі польскай меншасці. З таго часу ён застаецца за кратамі: спачатку ў жодзінскай следчай турме, пасля — у СІЗА № 1 у Мінску, з верасня 2022-га — ў СІЗА ў Гродне. Палітвязню прапаноўвалі напісаць прашэнне аб памілаванні, але ён адмовіўся.

“Распальванне варожасці” ўлады пабачылі ў артыкуле Анджэя Пачобута пра напад СССР на Польшчу ў верасні 1939-га. А яшчэ ён “садзейнічаў гераізацыі Арміі Краёвай”.

Летась КДБ дадаў Пачобута ў “Спіс асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці”.

Крыніца: wb24.org/euroradio.fm

Пасылаю
Рэйтынг чытачоў
0 (0 галасоў)