Інстытут нацыянальнай памяці рэалізуе пяціэпізодны дакументальны серыял, які раскажа аб знакамітай пераможнай бітве пад Монтэ-Касіна, а таксама аб шляху, які прарабілі салдаты 2-га Польскага корпуса пад камандаваннем генерала Уладзіслава Андэрса, перш чым яны апынуліся ля падножжа знакамітага ўзгорка. Корпус у асноўным складаўся з палякаў, родам з Крэсаў усходніх, а таксама з беларусаў, якія змагаліся побач з палякамі.
Гэты фільм таксама стане магчымасцю паказаць свету гераічны подзвіг польскага салдата. Першы напад саюзных сіл узначалілі брытанскія камандас, у тым ліку польскае падраздзяленне пад камандаваннем маёра Уладзіслава Смракоўскага, роўна восемдзесят гадоў таму, 17 студзеня 1944 года. Апярэджваючы наступленне брытанскай пяхоты і несучы вялікія страты пры фарсіраванні ракі Гарыльяна, палякі захапілі схілы гор Монці Аўрунцыі. Так пачалася першая фаза бітвы, таксама вядомай як бітва за Рым.
Серыял “Монтэ-Касіна – шлях надзеі” пакажа бітву з перспектывы многіх нацый. У ім таксама з’явяцца сучасныя жыхары Касіна.
У вытворчасці будуць выкарыстоўвацца пастановачныя сцэны, знятыя на месцы рэальных падзей з выкарыстаннем эфекту “mannequin challenge”. У пастаноўках стваральнікі выкарыстоўвалі сапраўдную зброю, знойдзеную на месцы бітвы. У серыяле таксама будуць унікальныя інтэрв’ю са сведкамі гісторыі з Польшчы і ўсяго свету.
Аўтарам сцэнарыя і рэжысёрам з’яўляецца Томаш Лысяк. Прэм’ера запланавана на май 2024 года. Яна стане часткай святкавання 80-й гадавіны бітвы пад Монтэ-Касіна.
Крыніца: IPN
Фота: IPN