У Пружанах Брэсцкай вобласці ствараецца мурал з выявай каралевы Боны Сфорца, якая ў першай палове XVI стагоддзя ўладала горадам. Работы хутка завершацца.
Мурал на вуліцы Інтэрнацыянальнай малююць мастакі са студыі Art&Shock, гэта ўжо чацвёртая іх праца для Пружанаў. Малюнак ствараюць да 590-годдзя горада.
Бона Сфорца, валодаючы горадам у перыяд з 1532 па 1557 год, аказала значны ўплыў на яго развіццё. Тады быў пабудаваны “каралеўскі двор” – драўляны палац з гаспадарчымі пабудовамі. У 1588 годзе яе дачка, Ганна Ягелонка, дала Пружанам магдэбургскае права і герб, які адсылае да сямейных сімвалаў Сфорцаў – сінюю змяю з залатой каронай на галаве, якая трымае ў пашчы дзіця. Падораны Пружанам герб вельмі падобны па выглядзе на тагачасны герб Мілана.
Крыніца: wb24.org, t.me/s/novychas, wikipedia.org
Фота: budni.by