90 гадоў таму, 4 мая 1934 года, у маёнтку Рагозніца на Гродзеншчыне нарадзіўся граф Аляксандр Прушынскі – заслужаны дзеяч для польскай меншасці ў Беларусі, журналіст і выдавец. На першых прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі ў 1994 годзе ён спрабаваў спаборнічаць з Аляксандрам Лукашэнкам, аднак не быў зарэгістраваны ў якасці кандыдата з-за адсутнасці ў яго беларускага грамадзянства.

Аляксандр Прушынскі быў сынам Ксаверыя Прушынскага, вядомага польскага паэта і дыпламата. Пасля вайны, у выніку змены межаў, ён эміграваў з сям’ёй у Польшчу, а затым правёў шмат гадоў на Захадзе – у ЗША, Францыі і Канадзе, дзе займаўся гандлёвай і выдавецкай дзейнасцю. У Канадзе ў 1981 годзе ён пачаў выдаваць “Словы Салідарнасці”, часопіс, які перадрукоўваў артыкулы з польскага тыднёвіка “Салідарнасць”.

Граф Прушынскі ў прысутнасці прымаса Вышынскага і яго першай жонкі (фота: goniec.net)

У 90-х гадах Прушынскі вярнуўся ў сваю краіну, актыўна ўключыўшыся ў дзейнасць Саюза палякаў у Беларусі і пачаўшы выдаваць часопіс “Прызма”, прызначаны для палякаў з Беларусі і краін былога СССР.

Ён заўсёды крытычна ставіўся да рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, удзельнічаў у шматлікіх пратэстах, у тым ліку ў маршы пенсіянераў у 2020 годзе, дзе ўзначальваў калону пратэстоўцаў. Ён быў аўтарам кніг “Што яўрэі павінны палякам” і “Кіеўскі Майдан”.

Граф шматкроць спрабаваў зарэгістравацца ў якасці кандыдата ў прэзідэнты, але заўжды атрымліваў адмову ад Цэнтральнай выбарчай камісіі. Таксама ён быў шматразова затрыманы; апошні раз гэта адбылося ў 2021 годзе, калі ён раздаваў улёткі падчас святкавання Дня Волі ля Чырвонага касцёла ў Мінску.

Граф Прушынскі ў Ваўкавыску (фота: goniec.net)

У апошнія гады яго палітычную дзейнасць асвятляў вядомы польскі актывіст і журналіст Анджэй Пачобут, які зараз адбывае васьмігадовы тэрмін у папраўчай калоніі ў Наваполацку.

У апошнія гады жыцця ён так узгадваў сваё вяртанне ў Беларусь: „У кожнага ёсць свой родны дом, і калі ён вялікі, то ў яго тым больш хочацца вярнуцца. Першы раз я быў дома праз 29 гадоў пасля ад’езду, у 1970 годзе. Маёмасць забрала дзяржава, цяпер там калгас. Тлумачу дырэктару, хто я. І ён запрашае мяне ўвайсці, але праз кухонныя дзверы. І я сказаў яму, што не магу ўвайсцi ў свой палац праз кухню, толькi праз парадную. Я падышоў, стаў на калені, пацалаваў першую прыступку свайго дома”.

Граф памёр у сябе дома ў Мінску ў ліпені 2022 года і пахаваны на сталічных Усходніх могілках.

На падст. belsat.eu, goniec.net

Галоўнае фота: racyja.com

Пасылаю
Рэйтынг чытачоў
0 (0 галасоў)