У пятніцу, 8 сакавіка, у Варшаве адбыўся прэм’ерны паказ фільма пра героя трох народаў – палякаў, літоўцаў і беларусаў – Кастуся Каліноўскага.
Каліноўскі быў незвычайным удзельнікам паўстання 1863 года, нацыянальным героем Польшчы, Літвы і Беларусі, патрыётам шматнацыянальнай Рэчы Паспалітай, які прысвяціў сваё жыццё адраджэнню агульнай дзяржавы Літвы, Русі і Польшчы і абароне незалежнасці ад царскага рэжыму. Прэм’ера фільма, прысвечанага яму, праходзіць у дні, калі мы адзначаем 160-я ўгодкі яго гераічнай смерці.
Вітаючы гасцей, дырэктар Музея Гісторыі Польшчы Роберт Кастра адзначыў, што ў студзеньскім паўстанні – найбуйнейшым паўстанні ў гісторыі зямель Рэчы Паспалітай – удзельнічалі не толькі палякі, але і беларусы, літоўцы, украінцы, яўрэі. “Беларускі сюжэт занадта мала вядомы ў Польшчы. Гэты фільм мае шанс гэта змяніць. Я сам, пасля прагляду, быў крануты, якая сіла тоіцца ў Каліноўскім. Для тых, хто душыць свабоду, ён па-ранейшаму застаецца небяспечнай фігурай”, – сказаў Кастра.
Пасля паказу фільма адбылася дыскусія, у якой прынялі ўдзел: Рафал Герэмак, рэжысёр, Войцех Калват, дырэктар Бюро Незалежнасці, Себасцьян Паўліна, гісторык, і прафесар Аляксандр Смалянчук з Інстытута Славяназнаўства Польскай акадэміі навук.
“У Польшчы пра Каліноўскага ведалі мала, бо памяць аб iм намагаліся выкараніць камуністы, а пасля 1989 года студзеньскае паўстанне не было папулярным. Сёння ён можа быць героем трох народаў, і Каліноўскі гэтага варты. У кантэксце агрэсіўнай сучаснай Расіі, жорсткага падаўлення свабоды ў Беларусі, Каліноўскі актуальны як ніколі раней, для дыктатараў жа ён больш небяспечны, чым калі-небудзь”, – падкрэсліў Рафал Герэмак, рэжысёр фільма.
Прафесар Аляксандр Смалянчук адзначыў, што гэта важны фільм як для Польшчы, так і для Літвы і Беларусі: “Калісьці ў нас было адно паўстанне, агульнае, сёння ў нас розныя яго версіі. Гэты фільм паказвае, што гэта была адна аб’яднальная падзея для трох народаў. Добра, што сёння постаць Каліноўскага зноў нас аб’ядноўвае, таму што ў яго свядомасці жылі разам паляк, беларус і літовец — побач адзін з адным, а не супраць адзін аднаго”.
Крыніца: muzhp.pl