З 31 сакавіка па 7 красавіка ў санктуарыi Божай Міласэрнасці ў Вільні, дзе ўшаноўваецца арыгінальны абраз Езуса Міласэрнага, будзе праходзіць Тыдзень Божай Міласэрнасці.

“У гэтым годзе, з нагоды 90-годдзя стварэння абраза Езуса Міласэрнага, мы запрашаем усіх на вялікае свята Божай Міласэрнасці ў Вільні, каля адзінай арыгінальнай выявы. Тут святары не толькі з усіх дыяцэзій Літвы, але і з-за мяжы будуць дзяліцца мудрасцю аб Божай Міласэрнасці, будзе адпраўлена да 58 службаў у вашых інтэнцыях за жывых і памерлых, просячы патрэбнай ім ласкі”, – паведамляе санктуарый Божай Міласэрнасці ў Вільні.

Інтэнцыі будуць ускладзены перад абразам Езуса Міласэрнага 31 сакавіка падчас святой Імшы ў 12.00.

Запісаныя iнтэнцыі варта прынесці ў сакрыстыю cанктуарыя Божай Міласэрнасці ў Вільні (вул. Дамініканская 12) або запоўніць спецыяльную форму на сайце санктуарыя.

“Запрашаем прыняць удзел у гэтым вялікім свяце асабіста, а калі такой магчымасці няма, то далучыцца да трансляцыі на сайце www.gailestingumas.lt або на нашым акаўнце ў Facebook”, – запрашае Cанктуарый Божай Міласэрнасці ў Вільнi.

Праграма Тыдня Божай Міласэрнасці: 2023-GS_Lenku-kalba.pdf (gailestingumas.lt).

Упершыню ўрачыстасці ў гонар Божай Міласэрнасці адзначалі ў Вільні ў 1935 годзе, у першую нядзелю пасля Вялікадня, калі ў акне Вострай Брамы размясцілі абраз Божай Міласэрнасці. Афіцыйна свята заснаваў папа Ян Павел ІІ у 2000 годзе.

Выява, намаляваная віленскім мастаком Яўгенам Казіміроўскім на аснове бачанняў святой Фаустыны, стала сімвалам культу Божай Міласэрнасці і распаўсюдзілася па ўсім свеце. Арыгінал абраза ўжо амаль 20 гадоў упрыгожвае наву санктуарыя Божай Міласэрнасці ў Вільні.

Святая Фаустына, якая мела бачанні ў Вільні, перадала Вяночак да Божай Міласэрнасці (каронку), якім цяпер моляцца каталікі ў розных кутках свету. У 2000 годзе, у Нядзелю Божай Міласэрнасці, Святы Айцец Ян Павел ІІ кананізаваў сястру Фаустыну.

Крыніца: wb24.org/gailestingumas.lt

Фота: wikipedia.org

Пасылаю
Рэйтынг чытачоў
0 (0 галасоў)