79 гадоў таму, 2 лютага 1945 года, на рыначнай плошчы ў Лідзе быў публічна павешаны савецкімі катамі падпаручнік Ежы Баклажэц пс. «Пазуркевіч», ротмістр 4-га батальёна 77-га палка пяхоты Арміі Краёвай, герой польскага падполля на Лідчыне. Пазуркевіч быў схоплены супрацоўнікамі НКУС падчас бою з атрадам «Рагнера».

Здарэнне адбылося позняй восенню – кастрычніку ці пачатку лістапада 1944 г. Вёска Клюковічы. Дом ваеннага асадніка пана Юшкевіча (…). Падчас нямецкай акупацыі наша сям’я жыла ў пана Юшкевіча. Ноччу, калі ўсе спалі, хату акружылі войскі НКУС. Дома быў мой брат Ежы, які пасля вяртання з Вільні прыехаў да сям’і. Калі рускія ўвайшлі ў дом, яны арыштавалі майго брата і яго ад’ютанта (…). У момант затрымання расіяне не ведалі, каго яны арыштавалі. Пасля некалькіх аплявух яны даведаліся ад ад’ютанта, што арыштавалі «Пазуркевіча». (…)

Братам адразу зацікавіўся камандзір. Салдаты перасталі штурхацца, а афіцэр вёў адносна спакойную размову (колькасць каравульных была павялічана). Угаворваў брата пагадзіцца з імі супрацоўнічаць — што паедзе ў Маскву і ўсяго яму будзе хапаць. Пасля катэгарычнай адмовы афіцэр папрасіў бацьку схіліць сына да супрацоўніцтва. Бацька адмовіўся. Пасля на допыце нас запрасілі на кватэру да гаспадара. Толькі бацьку некалькі разоў выклікалі. Афіцэр НКУС сказаў майму бацьку: «Ведаеш, папаша, я хацеў ударыць яму ў твар, але рука ў мяне не паднялася. Гэта вялікі чалавек, шкада, што не хоча з намі працаваць». Пэўны час мы чулі павышаныя галасы саветаў. Потым абодвух пасадзілі на фурманку і павезлі ў Ліду, у турму. Бацькі некалькі разоў атрымлівалі інфармацыю, што сына Ежы катуюць, але трымаліся мужна. 2 лютага 1945 г. ён быў публічна павешаны ў Лідзе. Відавочцы кажуць, што перад смерцю ён усклікнуў: «Няхай жыве Польшча».

Нагадаем, у 2022 годзе лідскія ўлады прыбралi з надмагільнага помніка польскага героя інфармацыю пра тое, хто ён і як загінуў. На сённяшнi момант на дошцы захавалася толькi інфармацыя, што Ежы Баклажэц быў лідскім настаўнікам з датай яго смерці і жаўнерскiм развітаннем «Вечная яму памяць!».

Пасылаю
Рэйтынг чытачоў
5 (2 галасоў)