У нядзелю (14 красавіка) споўнілася 107 гадоў з дня смерці Людвіга Заменгофа – стваральніка мовы эсперанта, звязанага з Гродна. З гэтай нагоды мэр Беластока, Тадэвуш Трускаляскі, усклаў кветкі да помніка на вуліцы Іцхока Малмеда. Каля помніка таксама сабраліся беластачане і эсперантысты, якія памятаюць пра гэтую важную гадавіну.
Людвіг Заменгоф (1859-1917) – вядомы ва ўсім свеце беластачанін, які быў стваральнікам і прапагандыстам мовы эсперанта. Урач-акуліст, інтэлектуал, руплівы прыхільнік пацыфізму, аўтар мноства перакладаў і шматлікіх публікацый. Ён быў восем разоў намінаваны на Нобелеўскую прэмію міру.
Гродзенскі перыяд жыцця Заменгофа
Стваральнік мовы эсперанта, Людвік Лазар Заменгоф, быў непасрэдна звязаны з Гродна, дзе ў 1899–1907 гадах працаваў урачом-акулістам. Разам з сям’ёй здымаў кватэру ў доме № 5 па вуліцы Паліцэйскай (зараз Кірава).
Затрымацца ў Гродне надоўга не дазволіла фінансавае становішча. Заменгоф казаў, што «горад быў такім бедным, што акуліст ніколі не здолеў бы павялічыць там свае даходы». Затое падчас гродзенскага перыяду жыцця Заменгоф пераклаў на эсперанта шэкспіраўскага «Гамлета», а таксама аповесць «Марта» Элізы Ажэшкі.
Дзе ў Гродне можна знайсці згадкі пра Заменгофа?
У Гродне яго імя ўшанавана ў назве вуліцы ў мікрараёне Паўднёвым. На доме на Кірава, 5, дзе ён жыў, ёсць мемарыяльная шыльда. Вінны бар, што месціцца на першым паверсе будынка, мае назву «Эсперанта», а бізнес-цэнтр называецца «Заменгоф».
Крыніца: wb24/bialystokonline.pl
Галоўнае фота: Dawid Gromadzki/UM Białystok