Учора ў Вільні быў урачыста адкрыты 420-ы Казюкоўскі кірмаш, адзін з самых старых і самых яркіх фестываляў у горадзе. Урачыстасці пачаліся з працэсіі на чале з некалькіметровай фігурай святога Казіміра, апекуна Літвы і Польшчы, якая прайшла па цэнтральнай вуліцы сталіцы, праспекце Гедыміна.

Казюкоўскі кірмаш, прастанародна званы “Казюкамі”, iзноў стаў унікальнай магчымасцю для папулярызацыi багатай гісторыі і культуры памежжа Літвы і Беларусі. Сёлетняе мерапрыемства можа пахваліцца больш за 4,5 км крам, размешчаных уздоўж усяго праспекта Гедыміна. Наведвальнікі могуць знайсці тут больш за 800 стэндаў з рамеснымі вырабамі і больш за 400 крам з мясцовымі стравамi.

Навінкай на сёлетнім фестывалі з’яўляецца “Дворык гурманаў” на Лукіскай плошчы, дзе наведвальнікі могуць пакаштаваць стравы больш як са 140 кулінарных стэндаў. Таксама можна пабачыць традыцыйныя элементы кірмашу, такія як пернікі ў форме сэрца, смаргонскія абаранкі, нанізаныя на вяроўку, або віленская велікодная пальма, якая некалькі гадоў таму была ўнесена ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Літвы.

Казюкоўскі кірмаш – гэта не толькі гандаль, але і музыка і забавы. Галоўнай арэнай культурных мерапрыемстваў з’яўляецца Ратушная плошча, дзе на працягу трох дзён фестывалю выступаюць народныя гурты, якія прадстаўляюць музычны фальклор віленскага краю. Для самых маленькіх падрыхтаваны “Дзіцячы Казюк” – серыя адукацыйных майстар-класаў, на якіх дзеці могуць навучыцца пляценню пальмаў, вязанню саламяных павукоў, лепцы гліняных свістулек, разьбе па дрэве лыжак і лялек, а таксама спеву народных песень.

Сёлетнi кірмаш завершыцца ў нядзелю вечарам цырымоніяй узнагароджання найлепшых народных майстроў і канцэртам, на якім прагучыць народная музыка ў спалучэнні з электроннай.

Крыніца: wb24.org/wilnoteka.lt

Фота: Waldemar Dowejko/wilnoteka

Пасылаю
Рэйтынг чытачоў
0 (0 галасоў)