Сёння спаўняецца 19-я гадавіна смерці Вялікага Паляка – Святога Яна Паўла ІІ. “Святы Айцец Ян Павел ІІ памёр 2 красавіка 2005 года вечарам у 21:37 у сваіх асабістых апартаментах” – аб’явіла Прэс-служба Апостальскай Сталіцы ў ночы з 2 на 3 красавіка 2005 года.

Караль Вайтыла нарадзіўся 18 траўня 1920 года ў Вадавіцах. Яму яшчэ не споўнілася 9 гадоў, калі памерла яго маці, а праз некалькі гадоў памёр старэйшы брат Эдмунд.

У 1926 годзе Караль Вайтыла пачаў навучанне ў чатырохкласнай пачатковай школе. У яго класе было больш за 60 вучняў. Праз чатыры гады ён пачаў вучобу ў васьмікласнай гімназіі імя Марціна Вадавіты. У 1938 годзе ён разам з бацькам пакінуў Вадавіцэ, пераехаўшы на вучобу на філалагічны факультэт у Кракаве. Вучобу перапыніў пачатак Другой сусветнай вайны і закрыццё нямецкімі акупантамі ўніверсітэта, ён працаваў рабочым на каменяломнях, а затым на хімічным заводзе Solvay. З 1942 года, адчуваючы духоўнае пакліканне, пачаў наведваць курсы падрыхтоўкі ў падпольнай семінарыі Кракава. 1 лістапада 1946 года ён быў пасвечаны ў святары кардыналам Адамам Сапегай. Пасля гэтага быў адпраўлены ў Рым, дзе атрымаў ступень бакалаўра і доктара тэалогіі.

Пасля вяртання ў Польшчу займаў розныя духоўныя пасады, адначасова выкладаючы тэалогію. 4 ліпеня 1958 года папа Пій XII прызначыў яго памочнікам біскупа ў Кракаве. Павел VI павысіў яго ў арцыбіскупы ў 1964 годзе. Як арцыбіскуп, ён удзельнічаў у Другім Ватыканскім Саборы. Павел VI прызначыў яго кардыналам 26 чэрвеня 1967 года.

На канклаве 16 кастрычніка 1978 года кардыналы выбралі яго папам, і ён прыняў імя Ян Павел ІІ. У нядзелю, 22 кастрычніка 1978 года, ён урачыста распачаў сваё служэнне Пятра.

Пантыфікат Яна Паўла ІІ быў адным з самых працяглых у гісторыі Касцёла. Дзеля нясення Добрай Весткі ён здзейсніў шмат вандровак па розных краінах свету. Папа наведаў 132 краіны і каля 900 населеных пунктаў.

Кожны ягоны прыезд у Польшчу збіраў незлічоныя натоўпы людзей, якія спачатку ў камуністычныя часы чакалі словаў праўды і надзеі, а пасля падзення камунізму (да якога ён спрычыніўся) чакалі ўказанняў, як уладкаваць важныя справы ў вольнай Радзіме.

Ужо 13 мая 2005 г. Святы Айцец Бенедыкт XVI пастанавіў паскорыць працэс беатыфікацыі Яна Паўла ІІ, прапусціўшы неабходныя 5 гадоў пасля яго смерці. Працэс, незвычайна хуткі, завяршыўся беатыфікацыяй 1 мая 2011 г. і кананізацыяй 27 красавіка 2014 г.

На падст. sejm.gov.pl

Фота: pixabay

Пасылаю
Рэйтынг чытачоў
0 (0 галасоў)