Гродзенскі гісторык Мечыслаў Супрон дакладна вызначыў месца, дзе жыў вядомы польскі мастак Напалеон Орда, калі ён знаходзіўся ў Гродне – гэта быў дом Румеля на вуліцы Манастырскай. Цяпер гэта незабудаваны двор побач з домам па вуліцы Давіда Гарадзенскага, 2.

Злакалізаваць месца стала магчыма, дзякуючы знаходкі мемуараў Юліуша Румеля, якія адшукаў гісторык Сяргей Токць.

“Наш сядзібны дом быў аднапавярховым, даволі вялікім, са шкляным ганкам, праз які быў уваход у цёмную залу-бібліятэку”. У доме меліся асобныя пакоі – Przeciwek – дзе ў 1860-я гг. здымаў сабе жыллё знакаміты мастак Напалеон Орда”, – напісана ў мемуарах Юліуша Румеля. Гэты дом Румеляў можна ўбачыць на адным з малюнкаў Напалеона Орды (вылучаны чырвоным колерам).

На думку Супрона, у будучыні можна было б адбудаваць адзін з дамоў і адкрыць там музей Напалеона Орды.

Напалеон Орда – вядомы польскі мастак, кампазітар і піяніст, які паходзіў з Палесся. Ён пакінуў пасля сябе багатую спадчыну ў выглядзе 1150 малюнкаў і акварэляў, якія адлюстроўваюць прыгожыя краявіды і архітэктурныя жамчужыны Беларусі, Літвы, Польшчы і Украіны. Аднак, безумоўна, яго любімым месцам было Гродна, бо няма іншага горада ці населенага пункта, якому мастак прысвяціў бы столькі акварэляў. У цяперашні час вядома каля пяцідзесяці акварэляў з відамі горада на Нёмане, і іх колькасць пастаянна расце. Гэта звязана з тым, што шмат якія працы Напалеона Орды не падпісаныя, і толькі дзякуючы працы гісторыкаў і краязнаўцаў можна іх ідэнтыфікаваць. Сярод гэтых “ідэнтыфікаваных” знаходзяцца карціны з невядомымі відамі Гродна!

Віды з гродзенскай турмы (аўтар: Напалеон Орда)

Аднак мы не шмат ведаем пра час, які мастак правёў у Гродне. Некаторыя даследчыкі лічаць, што ён жыў там у 1863-64 гадах. Ёсць дакладна вядомы факт: Орда знаходзіўся ў гродзенскай турме з траўня 1866 года па красавік 1867 г. Гэты перыяд звязаны з яго затрыманнем расійскімі ўладамі па падазрэнні ва ўдзеле ў паўстанні 1863 года. Дзве з яго акварэляў, якія паказваюць двор гродзенскага астрога, сведчаць пра гэты перыяд, але, хутчэй за ўсё, большасць малюнкаў Гродна ён стварыў ужо напрыканцы 1860-х і пачатку 1870-х гадоў.

Крыніца: wb24.org, supron-licvin.livejournal.com

Пасылаю
Рэйтынг чытачоў
0 (0 галасоў)