Крыпта роду Хадкевічаў у касцёле святога Міхала Арханёла ў Навагрудку гатова да наведвання. Урачыстае адкрыццё крыпты адбылося ў суботу, 27 красавіка, і супала са святкаваннем 400-годдзя храма, якое прыпадае на гэты год. Урачыстасць узначаліў біскуп-намінат Уладзімір Гуляй.
У хрысціянстве крыпта — падземная частка храма, якая першапачаткова выкарыстоўвалася для захоўвання рэліквій, а потым стала месцам пахавання. У крыптах хавалі святароў, князёў, каралёў і іншых важных свецкіх асоб.
Навагрудская крыпта знаходзіцца ў найстарэйшай частцы касцёла, дзе ёсць пахаванні айцоў дамініканцаў і сям’і фундатараў касцёла з роду Хадкевічаў.
Працы па падрыхтоўцы крыпты касцёла, яе ачышчэнні і прывядзенні да ладу доўжыліся тры гады.
У доўгім памяшканні, перакрытым цыліндрычным цагляным скляпеннем, маецца невялікая экспазіцыя, прысвечаная гісторыі горада і святыні. Пры ўваходзе наведвальнікаў сустракае скульптура Хрыста ў роздуме.
Уздоўж сцен выстаўлены графічныя творы Паўла Татарнікава, якія рэканструююць арыгінальны выгляд старажытнага горада з розных ракурсаў.
У вялікіх бакавых нішах, які раней служылі для пахаванняў, сёння за шклом выстаўлена каштоўнае касцёльнае начынне і абразы. У адной з нішаў — герб Хадкевічаў «Касцеша» і некалькі трунаў, у якіх сабраныя парэшткі фундатараў.
Крыніца: wb24.org/nashaniva.com