249 гадоў таму, 4 мая 1775 года, дзякуючы намаганням французскага батаніка Жана Эмануэля Жылібера, у Гродне быў закладзены знакаміты батанічны сад. На працягу першых шасці гадоў свайго існавання сад сабраў уражлівую калекцыю з 2000 відаў жывых раслін з усяго свету.
У другой палове XVIII стагоддзя кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі планаваў стварэнне батанічнага сада ў Рэчы Паспалітай. Выбар упаў на Гродна, якое неафіцыйна называлi “трэцяй сталіцай Рэчы Паспалiтай”. Кароль пачаў шукаць прыдатнага чалавека для выканання гэтай задачы. Вядомы тады ў навуковым свеце швейцарскі натураліст Альберт Галер парэкамендаваў каралю лекара і прыродазнаўца з Ліёна, Жана Эмануэля Жылібера. Кароль адправіў запрашэнне, і Жылібер ахвотна яго прыняў.
Француз, які прыехаў у Гродна ў XVIII стагоддзі, заснаваў сад, які хутка стаў адным з лепшых у Еўропе. Той сад не захаваўся, але сёння на яго месцы ў цэнтры Гродна знаходзіцца гарадскі парк – адно з лепшых месцаў для адпачынку. Тут ёсць дагледжаны батанічны сад з маляўнічай далінай пад назвай Швейцарская.
Імем Жылібера назвалі род раслінаў Gilibertia з сямейства араліевых. Яго спадчына таксама падтрымліваецца мясцовымі краязнаўцамі, такімі як настаўніца Наталля Канюк. Разам са сваімі вучнямі яна аднавіла ў парку некаторыя расліны з калекцыі Жана Эмануэля.
Ідэя адраджэння былога Каралеўскага батанічнага саду ўсё яшчэ лунае над Гродна. Цяпер прыватны інвестар плануе аднавіць будынак медыцынскай акадэміі і пабудаваць цяпліцу для вырошчвання экзатычных і лекавых раслін.
На падст. wikipedia.org, palac-wilanow.pl