Са сцяны Новага замка ў Гродне знікла мемарыяльная шыльда ў гонар Тадэвуша Касцюшкі і ўдзельнікаў нацыянальнага паўстання 1794 года, паведамляе партал Hrodna.life.
Шыльда размяшчалася злева ад цэнтральнага ўваходу ў Новы замак і была прысвечана падзеям паўстання 1794 года. Тады ў замку працавала Паўстанцкая парадкавая камісія, быў там і кіраўнік паўстанцаў Тадэвуш Касцюшка. 30 кастрычніка 1794 года ён правёў у каралеўскім палацы нараду з кіраўнікамі паўстанцкіх атрадаў Вялікага Княства Літоўскага.
Шыльда, прысвечаная Касцюшку, была ўсталяваная ў 1994 годзе. Са сцяны замка яе знялі ў сярэдзіне красавіка — тыдзень-паўтара таму.
Акрамя гэтай памятнай дошкі, Тадэвуш Касцюшка быў двойчы ўшанаваны ў катэдры святога Францішка Ксаверыя. Першая шыльда з надпісам на польскай мове была ўсталявана на сцяне касцёла ў 1917 годзе да стагоддзя смерці нацыянальнага героя.
Нагадаем, што летам мінулага года прарасійская актывістка з Гродна, Вольга Бондарава, пахвалілася тым, што звярнулася да гарвыканкаму з просьбай прыбраць з ліку герояў горада Кастуся Каліноўскага і Тадэвуша Касцюшку. На думку Бондаравай, Каліноўскі быў “польскім тэрарыстам” і “подлым масавым забойцам праваслаўнага насельніцтва Беларусі”, а Касцюшка “пазбавіў надзеі на адраджэнне нацыянальнай культуры, рэлігіі і правоў” звычайных беларускіх сялян.
На падст. hrodna.life
Фота: vedi.by/hrodna.life