Рыжская мірная дамова, падпісаная 18 сакавіка 1921 года без удзелу беларускай дэлегацыі, падзяліла нашу краіну паміж Польшчай і савецкай Расіяй. Мяжа прайшлася лязом па шматлікіх беларускіх сем’ях, ламала лёсы, губіла жыцці. Хтосьці прыстасоўваўся, хтосьці змагаўся, хтосьці згінуў у пошукаў лепшага жыцця ў БССР.

У пошуках шчасця ў савецкай Беларусі

Міжваенныя паўночна-усходнія ваяводствы Другой Рэчы Паспалітай былі не вельмі багатым рэгіёнам. «Зямельны голад» і адсутнасць працоўных месцаў прымушалі беларусаў і прадстаўнікоў іншых нацынальнасцяў ездзіць на сезонныя працы ў краіны Балтыі ці эміграваць у ЗША і Аргентыну.

Аднак значная частка заходніх беларусаў імкнулася збегчы на Усход. Людзі разважалі так: ў БССР жылі тыя ж беларусы, была бясплатная адукацыя і наяўнасць працы. Да таго ж да сярэдзіны 1930-х гадоў у адносінах да большасці польскіх перабежчыкаў савецкія ўлады не прымянялі жорсткіх рэпрэсіўных мераў. “Заходнікаў” правяралі, а потым дазвалялі ўладкоўвацца на працу, паступаць у істытуты і ўніверсітэты. Пасля гэтага перабежчыкі яшчэ больш упэўніваліся, што ўсё кепскае ў іх жыцці ўжо прайшло.

Увосень 1931 года з такімі думкамі на “рыжскую мяжу” накіраваўся жыхар вёскі Хатуцічы Маладзечанскага павету Васіль Рыгоравіч Манід. Хлопцу тады было 20 гадоў. Ён паспеў скончыць некалькі класаў вясковай школы і займаўся сялянскай працай. У бацькоўскай гаспадарцы было 7 дзесяцін зямлі, адна карова, дзве свінні, дзве авечкі. Грошай у бацькоў не было, таму маці аддала хлопцу свой залаты заручальны пярсцёнак, каб той расплаціўся каштоўнасцю з правадніком, які вадзіў людзей праз кардон. Васіля павёў жыхар вёскі Урублеўшчына Фёдар Васюкевіч.

«Вакно на мяжы» знаходзілася побач з памежным знакам № 580, у раёне вёскі Павязынь. Там, дарэчы, знаходзілася і аднайменная стражніца КАП. Польскі кардон беларус прайшоў без прыгод, а вось савецкія «зялёныя фуражкі» нелегала «прынялі». Вартавы Шухалаў (прозвішча пазначана ў Анкеце ДПУ — І.М.) затрымаў Маніда і даставіў яго на заставу ў Глушанах. Там беларуса абшукалі, дапыталі і хутка накіравалі ў Мінск, дзе змясцілі ў турму ДПУ. Пад час допыту хлопец шчыра распавёў пра бацькоўскую гаспадарку і пра тое, што сям’і прыходзілася плаціць падаткаў 80 злотых і яшчэ 22 злотых за страхоўку маёмасці.

Праз год польска-савецкую мяжу перайшоў сваяк Васіля, жыхар вёскі Вяжуць Лебедзеўскай гміны Маладзечанскага павета Рыгор Мялюк. Дакладна невядома, побач з якім памежным знакам гэты чалавек прайшоў у Саветы, аднак, дзякуючы дакументам з архіву КДБ Беларусі, мы ведаем, што сваё жаданне стаць грамадзянінам СССР гэты чалавек выказаў у сувязі з «цяжкім матэрыяльным становішчам яго сям’і і тым, што гаспадарка бацькоў не можа забяспечыць патрэбы іх сям’і».

На новай Радзіме

Пасля мінскай турмы і Васіля Маніда і Рыгора Мялюка (знаходзіўся ў турме 8 месяцаў — І.М.) накіравалі ў карантынны лагер АДПУ у Сароў пад Арзамасам, дзе вязні знаходзіліся ў будынках былога праваслаўнага манастыра. У 1933 годзе беларускіх хлопцаў вызвалілі. Манід пераехаў у Златавуст і там уладкаваўся на працу на металургічны завод. Здавалася, яго жыццё наладжваецца.

«Вітаю Вас дарагія мама і тата, браты і сёстры. Дасылаю Вам ліст, у якім паведамляю, што я жывы і здаровы і Вам жадаю ўсяго добрага. Ваш ліст я атрымаў, але атрымаў я яго са спазненнем, таму, што вы напісалі стары адрас, а я перайшоў на новае месца і змяніў свой адрас. Як атрымаў Ваш ліст, то быў вельмі рады, што вы мяне не забылі. […] Заробак мой у месяц у сярэднем 400 рублёў, так што грошы ў мяне ёсць, але праца небяспечная для жыцця, бо працуем там, дзе плавяць сталь, чугун. Але гэта ўсё пустое. Затое навучуся добра працаваць і далей будзе лягчэй […]. У войска (Чырвоную Армію — І.М.) я восенню не пайшоў. Быў залічаны ў пераменны склад. Буду кожны год хадзіць на вучэнні на працягу пяці гадоў. Першы год, то бок у 1937 годзе, пайду на тры месяцы (гутарка ішла пра вайсковыя зборы — І.М.), а потым па месяцу. Гэтую зіму, у связі з тым, што было шмат працы, я адарваўся ад вучобы. Але ў будучым збіраюся не кідаць яе, таму што без гэтага ў СССР жыць нельга. Калі атрымаеце мой ліст, напішыце мне, што ў Вас чуваць. Ці дасылае дадому лісты Міша і Мікола (відавочна, гутарка ідзе пра людзей, якія пераходзілі мяжу разам з Манідам — І.М.)?. Напішыце, як святкавалі Раство і як моладзь гуляла. Да пабачэння! Пішыце лісты часцей, не шкадуйце паперу. Перадавайце прывітанне ўсім хлопцам і дзяўчатам», — пісаў у студзені 1936 года ў лісце да сваякоў, Васіль Манід.

Канец «казкі»

У жніўні 1937 года ўсе мясцовыя органы НКУС атрымалі загад №00485, а пазней ліст з назвай «Аб фашысцка-паўстанцкай, шпіёнскай, дыверсійнай і тэрарыстычнай дзейнасці польскай выведкі ў СССР». Гэты дакумент распачаў так званую «польскую аперацыю» НКУС, падчас якой арышту падлягала значная колькасць грамадзян СССР польскага пахожання. Гутарка ішла не толькі пра этнічных палякаў, але ўсіх тых, хто нейкім чынам быў звязяны з Польшчай.

Напрыклад, меў сваякоў за кардонам, ці проста перабег з Польшчы ў БССР. НКУС абвінавачвала гэтую катэгорыю асоб, сярод якіх было шмат этнічных беларусаў, у супрацы з польскай выведкай ці арганізацыі шпіёнска-дыверсійнай дзейнасці. Васіля Рыгоравіча Маніда арыштавалі ў кастрычніку 1937 года на працоўным месцы ў Златавустаўскім металургічным заводзе. 15 лістапада 1937 года беларуса прысудзілі па 58 артыкуле (пункты 6. 9 і 11 — вораг народа) Крымінальнага кодэкса РСФСР да смяротнага пакарання. Растралялі гэтага чалавека 22 лістапада 1937 года ў Чалябінску. Варта адзначыць, што Васіль, знаходзячыся ў РСФСР, паспеў ажаніцца, у яго нават нарадзіўся сын. Што стала з сям’ёй, па-сёння невядома.

У гэты ж час арыштавалі і Рыгора Мялюка, які на той момант ужо паспеў уступіць у камсамол. Гэты чалавек пражыў на месяц больш за сваяка — яго расстралялі 28 снежня 1937 года як ворага савецкага народа. Усяго пад час так званай «польскай аперацыі» НКУС толькі на тэрыторыі Беларусі быў асужданы 19931 чалавек, з якіх 17772 прысудзілі да «вышэйшай меры сацыяльнай абароны». У маштабе усяго Савецкага Саюза рэпрэсіі па гэтай справе зазналі каля 140 тысяч чалавек.

У пачатку 1930-х у БССР з Хатуцічаў і Вяжуцяў збегла некалькі дзесяткаў маладых людзей. Усе спадзяваліся на лепшае. Напрыклад, у кастрычніку 1937 года быў растраляны ураджэнец усё тых жа Хатуціч Міхаіл Манід, які працаваў загадчыкам склада на Фабрыцы “Чырвоная Зорка” у Томску. Перабежчыка з польскага боку абвінавацілі ў дзейнасці ў контррэвалюцыйнай польскай арганізацыі. Некаторым людзям “шчасціла”, як напрыклад Васілю Андрэевічу Маніду, які працаваў кіроўцай у Краснаярскім краі. У 1938 годзе яго абвінавацілі ў контррэвалюцыйнай дзейнасці, але…прысудзілі да 10 гадоў лагераў. Аднак, большасць “заходнікаў” сталі ахвярамі сталінскіх рэпрэсій.

Ужо пасля смерці Сталіна на Радзіму, у Хатуцічы, вярнуўся адзін з тых перабежчыкаў і распавёў, што застаўся ў жывых толькі дзякуючы таму, што доктар даў 17-цігадоваму беларусу пашпарт памерлага пацыента. Змяніўшчы прозвішча, перабежчык змог уратавацца ад НКУС.

У студзені 1989 года пракуратура Чалябінскай вобласці пасмяротна рэабілітавала Рыгора Мялюка. Праз паўгады рэабілітавалі і Васіля Маніда. Іх бацькі так і не дачакаліся не толькі сыноў, але і прабачэнняў за злачынствы савецкай сістэмы. Месца пахавання гэтых людзей невядома. Магчыма, прах беларусаў і тысяч іншых ахвяр бальшавіцкіх катаў у спакоі ў прыгарадзе Чалябінска, у месцы Залатая гара, дзе былі знойдзены парэшткі ахвяр сталінскіх рэпрэсій.

Ігар Мельнікаў

Пасылаю
Рэйтынг чытачоў
0 (0 галасоў)

пра аўтара

Władysław Boradyn

Władysław Boradyn

Cтудэнт Цэнтра усходнееўрапейскіх даследаванняў Варшаўскага ўніверсітэта. Актывiст Фонду «Młode Kresy» i cябра Саюза палякаў на Беларусі. Стваральнік і рэдактар блога nowogrodczyzna.jimdo.com, мэтай якога з'яўляецца папулярызацыя польскай гісторыі і культурнай спадчыны Навагрудчыны.