Былога падпалкоўніка міліцыі Пятра Будзько, які ўдзельнічаў у акцыях пратэсту супраць гвалту ў 2020 годзе, будуць судзіць за злоўжыванне ўладай (ч. 3 арт. 426 Крымінальнага кодэкса).
Як паведамляе telegram-канал «Суды, затрыманні. Гродна і вобласць», — былому палкоўніку пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі. Разгляд справы пачнецца 7 лютага ў судзе Лідскага раёна.
Пятра Будзько пазбавілі звання з-за палітычных поглядаў. Больш за 20 гадоў ён служыў у міліцыі. У снежні 2020 года быў арыштаваны і адбыў 32 сутак арышту за «ўдзел у забароненым масавым мерапрыемстве».
«Пасля падзей у Мінску зразумеў, што ў краіне не стала закона. Накрыла крыўда за дзяржаву. Пачаў выходзіць разам з гараджанамі на плошчу ў Іўі, патрабаваў ад уладаў і дэпутата аднаўлення законнасці, спынення насілля, прыцягнення вінаватых да адказнасці», – заявiў былы сілавік у інтэрв’ю «Народнай Волi» ў лютым 2021 года.
Пётр Будзько быў зноў арыштаваны 20 жніўня мінулага года на працоўным месцы. Таксама сiлавiкi правялі ператрус у доме і на дачы.