Рэшткі былой сядзібы ў Ручыцы на Вілейшчыне (Мінская вобласць) унесены ў Дзяржаўны спіс помнікаў гісторыі і культуры. Унясенне помніка ў спіс адбылося ў адпаведнасці з афіцыйна апублікаванай пастановай Міністэрства культуры Беларусі № 85 ад 2 лістапада. Дакумент апублікаваны на нацыянальным прававым партале, піша «Рэгіянальная газета».
У зону аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці трапляюць вадаём, рэшткі дзвюх капліц і царква ў Ручыцы (былы маёнтак Ганута).
Wyświetl ten post na Instagramie
Адзін з самых велічных маёнткаў Вілейшчыны ў Гануце (сёння вёска Ручыца) пабудаваў у 1765 годзе архітэктар з Італіі. Яго запрасіў тагачасны гаспадар Тадэвуш Агінскі. А сядзіба Ганута была ўвогуле вядомая ад пачатку XVI стагоддзя. Маёнтак, пабудаваны ў 1765-м, складаўся з палаца і гаспадарчых пабудоў.
Сёння пра былую веліч нагадвае напаўразбураная капліца, а таксама рэшткі бровара і панскага млына. На месцы палаца — зарослы ўзгорак.
Кампазітар і дыпламат Міхал Клеафас Агінскі стаў гаспадаром маёнтка ў 1814 годзе, атрымаўшы Гануту ў спадчыну ад сваякоў. Апошнім уладальнікам Гануты быў род Валовічаў.
Маёнтак значна пацярпеў у Першую сусветную, але быў адноўлены. Канчаткова Гануту знішчылі ў 1943 годзе. Тады знішчалі шматлікія панскія сядзібы.
Увосень 2020 года адзін са слупоў капліцы XVIII стагоддзя рухнуў. Тады ж у Вілейскім райвыканкаме журналісту «Рэгіянальнай газеты» паведамілі, што будуць шукаць грошы, каб умацаваць дах, бо маглі зваліцца астатнія слупы капліцы. А яшчэ — дабівацца, каб зрабіць ахоўную зону, бо без гэтага былі немагчымыя праектныя работы.
Крынiца: «Рэгіянальная газета»