Суботнім вечарам у лідскім касцёле Узвышэння Святога Крыжа, вядомым як Фара, сабралася шмат вернікаў для ўдзелу ў Пасхальнай вігіліі. Безумоўна, гэта самая важная і ўрачыстая Эўхарыстычная літургія ў годзе. Літургію ўзначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Пасхальная вігілія распачалася Літургіяй святла. Затым пасхальную свечку ўрачыста ўнеслі ў прэзбітэрый з трыма радаснымі воклічамі «Святло Хрыста», на які прысутныя адказвалі: “Дзякуем Пану Богу”.

Арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч у гаміліі звярнуў увагу вернікаў на тое, што як Майсей вывеў Выбраны народ з фізічнага рабства, так Езус выбавіў чалавецтва з рабства грахоўнага і адарыў свабодай дзяцей Божых.

Арцыбіскуп адзначыў, што Вялікая пятніца – “гісторыя глумлення хлусні над праўдай, несправядлівасці над справядлівасцю, зла над дабром, і калі б гэта быў канец гісторыі Езуса, то яна была б трагедыяй”, “але гэта не так, бо яна завяршылася happy end’ам – Уваскрасеннем”.

Уваскрасенне Езуса, па словах арцыбіскупа, “нагадвае, што праўда перамагла хлусню, справядлівасць запанавала над несправядлівасцю, а параза ператварылася ў перамогу”. “Таму мы павінны памятаць аб гэтым і не адмаўляцца ад праўды і справядлівасці, нават калі свет іх не ўспрымае. Праўда заўсёды застаецца праўдай, а справядлівасць – справядлівасцю. Так павінна быць заўсёды, бо без праўды мы будзем заставацца ў тупіку, а без справядлівасці не будзе міру”, – сказаў ён.

“Мы не можам страціць здольнасць маральнага выбару і не адрозніваць дабро ад зла, каб жыць праўдай Уваскрасення, у якой наша надзея. Таму, нягледзячы на ўсе складанасці жыцця ў сучасным свеце і няўпэўненасць у заўтрашнім дні, Касцёл заклікае да духоўнай радасці, бо Хрыстус перамог зло”, – адзначыў іерарх.

Пасля заканчэння святой Імшы распачалася адарацыя Езуса ў Найсвяцейшым Сакрамэнце пры Гробе Гасподнім. Кожны вернік меў магчымасць асабіста паразмаўляць са сваім Збаўцам.

Крынiца: grodnensis.by

Фота: Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

Пасылаю
Рэйтынг чытачоў
5 (1 vote)